Журналіст Ігар Карней на волі!
21 чэрвеня 2025 года з‑за кратаў выйшаў асуджаны на 3 гады і 10 месяцаў турмы журналіст «Радыё Свабода» Ігар Карней. Гэта адбылося пасля візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Кіта Келага.

Першае фота Ігара Карнея на волі. Вільня, 21 чэрвеня 2025 года. Фота: Telegram-канал Святланы Ціханоўскай
57-гадовы Ігар Карней адбыў за кратамі па палітычна матываваным прысудзе амаль два гады.
«Радыё Свабода» вітала вызваленне журналіста і выказала ўдзячнасць урадам ЗША і Літвы за падтрымку.
«Мы глыбока ўдзячныя Прэзыдэнту Трампу за забеспячэнне вызвалення гэтага адважнага журналіста, які пацярпеў ад дзеянняў беларускіх уладаў. Мы дзякуем дзяржаўнаму сакратару Рубіё і яго камандзе, ураду Літвы і міжнароднай супольнасьці за падтрымку нашых зняволеных журналістаў», — заявіў прэзыдэнт і генэральны дырэктар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стыў Капус.

Ігар Карней з прэзыдэнтам Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Стывам Капусам і намеснікам памочніка дзяржсакратара па пытаннях Эўропы і Эўразіі Крыстафэрам Смітам. Крыніца фота: Telegram-канал Радыё Свабода
Усяго 21 чэрвеня вызвалілі 14 палітвязняў, у тым ліку заснавальніка канала «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага. Іх вывезлі ў Літву.
За кратамі па-ранейшаму застаецца блогер і журналіст «Радыё Свабода» Ігар Лосік. Усяго ў Беларусі трымаюць у зняволенні не менш за 38 прадстаўнікоў медыя.
Справа Ігара Карнея
Журналіста затрымалі ў Мінску 17 ліпеня 2023 года. Спачатку арыштавалі ў межах адміністрацыйнай справы на 10 сутак. Потым прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў СІЗА. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.
Падчас суду над Ігарам Карнеем дзяржаўныя СМІ пісалі, што ён нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці супрацоўнічаў з «экстрэмісцкай» арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якую ў лютым 2023 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем». 22 сакавіка 2024 года суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Кацэр прызначыў журналісту тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 20 тысяч рублёў паводле ч.1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса.
Пасля суду па «экстрэмісцкай» крымінальнай справе і безвыніковай спробы аспрэчыць вырак у Вярхоўным судзе, у чэрвені 2024 году Ігара Карнея ўнеслі ў пералік «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
13 снежня 2024 года суд Шклоўскага раёна прызнаў палітзняволенага журналіста вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі ПК-17 паводле часткі 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. У якасці пакарання суддзя Аляксандр Тараканаў дадаў Карнею каля 10 месяцаў зняволення.
Сёлета ў студзені на праўладным тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі фільм «пра супрацоўнікаў амерыканскага медыя». У ім упершыню за доўгі час паказалі зняволенага журналіста. Пазней стала вядома, што падчас зняволення ён схуднеў на 15 кілаграмаў і мае праблемы з сэрцам.
Ігар Карней амаль чатыры дзесяцігоддзі прафесійна займаўся журналістыкай — яшчэ ў студэнцкія гады стаў адным з заснавальнікаў моладзевай аршанскай незалежнай газеты «Лидер». Пазней друкаваўся ў газетах «Знамя юности», «Чырвоная змена», «Комсомольская правда». З 1991 года працаваў у газеце «Звязда». У 1994–2000 гадах быў карэспандэнтам незалежнага штотыднёвіка «Свободные новости». З 2000-га — журналістам «Радыё Свабода». У апошнія гады захапіўся краязнаўствам і блогерствам — пісаў артыкулы для краязнаўчага сайта «Крэва.Трэвел».
