Журналіст-фрылансер «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык на волі!
12 лютага 2025 года з‑за кратаў выйшлі асуджаны на 6 гадоў турмы журналіст-фрылансер «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык, актывістка Алена Маўшук і грамадзянін ЗША, імя якога пакуль не раскрываецца. Пра гэта паведаміла лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская.

Журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык са сваёй сям’ёй у Вільні. 12 лютага 2025 года. Фота: «Радыё Свабода»
«Цудоўныя навіны. Сёння мы сустракаем на волі трох закладнікаў рэжыму — журналіста Андрэя Кузнечыка, актывістку Алену Маўшук і грамадзяніна ЗША, імя якога пакуль не раскрываецца.
Мне паведамілі, што ўсе трое ўжо ў бяспецы, у Вільні. Ім дапамагаюць прадстаўнікі амерыканскай амбасады, а Алену Маўшук прадстаўнікі Офіса і Кабінета ўжо вязуць у бяспечнае месца, дзе яна атрымае ўсю неабходную падтрымку.
Я вельмі ўдзячная Прэзідэнту Трампу, дзяржсакратару Рубіа і дзярждэпартаменту ЗША за супольныя намаганні, якія зрабілі гэта магчымым.
Радая, што зняволеныя зноў змогуць пабачыць сем’і і блізкіх пасля доўгіх дзён за кратамі. Нарэшце кожны абдыме сваіх родных. Мы будзем змагацца за вызваленне кожнага!», — напісала спадарыня Ціханоўская ў сваім Telegram-канале.
12 лютага Андрэй Кузнечык змог нарэшце абняць сваю сям’ю: у Вільні яго устракалі жонка Алеся, 5‑гадовы сын Мацвей і 11-гадовая дачка Яніна.
Нагадаем, Андрэя Кузнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 года. Журналіста-фрылансера асудзілі паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім». Суддзя Магілёўскага абласнога суда Ігар Шведаў прызначыў яму 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
14 студзеня на праўладным тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі фільм «пра супрацоўнікаў амерыканскага медыя». У ім упершыню за доўгі час паказалі зняволенага журналіста.
