Журналістаў Харытонаву і Ляўчука будуць судзіць, але яны не ведаюць за што
Журналістам-фрылансерам Мілане Харытонавай і Алесю Ляўчуку ўручылі позвы на разгляд адміністрацыйнага працэса падчас перапынку ў судзе супраць брэсцкай актывісткі Паліны Шарэнда-Панасюк. Позвы выдалі на 9 чэрвеня, супраць журналістаў вядзецца адміністрацыйны працэс, аднак яны не ведаюць паводле якога артыкула і за што.
Мілана Харытонава кажа, што пратакол, відавочна, быў складзены за іх прафесійную дзейнасць.
«Цяжка стала працаваць з мінулага года, калі нас пачалі затрымліваць за асвятленне акцый пратэсту. Цяпер сітуацыя змянілася, але не ў лепшы бок, увесь час мы адчуваем за сабой не галосную, а часам і адкрытую ўвагу сілавікоў, гэта не можа не ціснуць, але і не спыняе нашу працу, — кажа журналістка Мілана Харытонава. — Практычна нам перакрыты доступ да дзяржаўных органаў.
Цяпер мы не можам здымаць нават спартыўныя падзеі, бо нашае з Алесем зʼяўленне на спартовай арэне выклікае ў сілавікоў чырвоны ўзровень небяспекі. Таксама мы сутыкаемся з атручанымі прапагандай ябацькамі, яны спрабуюць справакаваць канфлікт, а часам нават выклікаюць міліцыю.
Людзі сталі больш асцярожна супрацоўнічаць са СМІ, бо баяцца наступстваў, ціску з боку сілавікоў, атрымліваць каментары цяпер вельмі цяжка. А дзяржаўнае тэлебачанне распачало паялванне на нас: спрабуюць здымаць пра нас сюжэты і фактычна атакуюць падчас працы».