Журналістаў недзяржаўных СМІ не акрэдытавалі на пасланне Лукашэнкі
Журналістаў TUT.BY, БелаПАН, газеты "Белорусы и рынок" і "Еўрапейскага радыё для Беларусі" не акрэдытавалі на асвятленне штогадовага паслання Аляксандра Лукашэнкі да народа і Нацыянальнага сходу, якое адбудзецца ў пятніцу, 19 красавіка.
У прыватнасці, у магчымасці асвятляць мерапрыемства з прэс-цэнтра Палаты прадстаўнікоў адмовілі аглядальніку інфармагенцтва БелаПАН Таццяне Каравянковай і спецыяльнаму карэспандэнту “Еўрапейскага радыё для Беларусі” Змітру Лукашуку. Між тым, абодва журналісты маюць пастаянную акрэдытацыю для працы ў парламенце. Адмову ў акрэдытацыі таксама атрымалі журналісты партала Tut.by і газеты «Белорусы и рынок».
— У нас для вас не вельмі добрыя навіны. Разумееце, столькі рэгіянальнай прэсы нагналі, што для вас ужо месца ў прэс-цэнтры не будзе, — цытуе адказ прэс-службы Палаты прадстаўнікоў журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова.
Выступаць Лукашэнка будзе 19 красавіка ў Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў.
