Журналістаў затрымалі і прымусілі выдаліць відэа
Журналісты-фрылансеры, сябры ГА “БАЖ” Аркадзь Несцярэнка і Наста Храловіч 10 чэрвеня правялі каля 5 гадзін у Фрунзенскім РУУС Мінска.
Іх затрымалі ў часе здымкаў відэа-апытання пенсіянераў – наведнікаў сталічнай паліклінікі №20, вымушаных па тры гадзіны стаяць у чарзе па талоны да ўрачоў.
Калі журналісты гутарылі з людзьмі ўнутры паліклінікі, прадстаўнікі адміністрацыі папрасілі іх выйсці на вуліцу, а затым, як высветлілася, выклікалі міліцэйскі нарад. Затрыманне адбылося каля 7.40 раніцы, калі Несцярэнка і Храловіч здымалі пацыентаў на ганку ўстановы.
Журналістаў прывезлі ў РАУС Фрунзенскага раена, дзе тыя агулам правялі каля 5 гадзін. У іх выдалілі відэа, склалі пратакол апытання, а таксама правялі “прафілактычную гутарку” пра забароны на здымкі ў адміністратыўныю будынках без спецыяльнага дазволу. Пры размове прысутнічаў чалавек у цывільным.
