Журналістка «Нашай Нівы» працягвае змаганне за перамогу на конкурсе «Каралева XL»
Толькі не трэба хапацца за галаву і рыхтаваць гнеўныя каментары. Гэта дзяўчаты-удзельніцы конкурсу «Каралева XL», самі пасмяяліся з сябе, калі ліфт, на якім падымаліся ўдзельніцы конкурсу, паказаў перагрузку.
З жартамі і прыколамі адбыўся яшчэ адзін этап адбору на конкурс Top of the World Plus Size, які адбудзецца ў Кіеве ў лістападзе.
Цягам двух дзён трэнеры, мадэлі, стылісты і фатографы вучылі нас, 20 дзяўчат, тонкасцям мадэльнага бізнэсу.
Я, карэспандэнт «Нашай Ніны» Наталля Тур, калі рабіла гонза-рэпартаж, нават і не чакала, што траплю ў 20-ку лепшых. Але цяпер трэба прайсці выпрабаванне да канца.
Магчыма, тым, хто паспрабаваў сябе ў ролі мадэляў плюс сайз, усё здавалася элементарным, а вось мне, чалавеку далёкаму ад усяго гэтага, было нават дзіўна даведацца, што ў мадэляў такая адметная паходка, таму што ножку спачатку трэба ставіць на пятачку. Пра гэта расказала дырэктар мадэльнага агенцтва BJMODELS Юлія Багук.
Трэнер Яўгенія Ткачова дзялілася досведам, як трымаць сябе ў тонусе, а Кацярына Гардзеева адкрыла сакрэт, што ўсе фігуры дзеляцца на чатыры тыпы, і заўсёды выглядае шыкоўна той, хто ведае свой тып і што яму пасуе.
Атмасфера на праекце сяброўская. Тут ніхто не падкладае адна адной шкло ў туфлі, і абавязкова скажуць, калі трэба паправіць макіяж ці нешта з адзення. Больш за тое, па негалоснай дамове удзельніц, у незалежнасці ад таго, хто будзе прадстаўляць Беларусь на міжнародным узроўні, у Кіеў едзе ўся дваццатка. Таму што такая падтрымка лішняй дакладна не будзе.
Заўтра стане вядомым, хто ўвойдзе ў дзясятку наймацнейшых прэтэндэнтак на карону «Каралевы XL».
А тут можна зрабіць свой выбар і прагаласаваць за дзяўчыну, якая спадабалася найбольш.