Журналістка Свабоды Іна Студзінская трымае галадоўку чацверты дзень
Яна галадае ў ізалятары на Акрэсціна з панядзелка ў знак пратэсту. На праблемы са здароўем Іна не скардзіцца, а трымаецца бадзёра.
Пра гэта сваякам распавяла жанчына, якая сядзела з Інай у адной камеры. Яна таксама распавяла, што факты гвалту супраць зняволеных у камеры, дзе знаходзіцца Студзінская, ёй невядомыя, але бытавыя ўмовы кепскія.
Студзінская папрасіла перадаць ёй у ізалятар цёплыя рэчы і прадметы гігіены. Па начах у ізалятары бывае халодна, матрацаў не выдалі, а святло на ноч не выключаюць.
Сёння Іна чакае прыходу адваката, магчыма, ёй аддадуць перадачу.
Пакуль адвакат трапіў толькі да аднаго зняволенага журналіста Свабоды Алеся Дашчынскага — сустрэча 21 ліпеня доўжылася 1,5 гадзіны.
Журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Іну Студзінскую, Алеся Дашчынскага, якія шмат гадоў працавалі на «Радыё Свабода», затрымалі 16 ліпеня. У іх кватэрах правялі вобшукі. Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюцца журналісты.
