• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістка Таццяна Мацвеева абвясціла пра закрыццё суполкі «Навіны Віцебска»

    Заснавальніца апублікавала развітальны зварот да чытачоў, падкрэсліўшы, што гэта канчатковае рашэнне. Паводле Таццяны Мацвеевай, суполка «Навіны Віцебска» ў Face­book спыніла працу з 28 красавіка. На момант закрыцця рэсурс меў больш за 25 тысяч падпісчыкаў, на ім штодзённа выходзілі матэрыялы пра жыццё рэгіёна.

    Віцебская журналістка Таццяна Мацвеева абвясціла пра закрыццё суполкі «Навіны Віцебска»

    У якасці аўтарскага праекта менавіта пад такой назвай суполка «Навіны Віцебска» праіснавала каля чатырох гадоў. Увогуле ж Таццяна працавала з гэтым рэсурсам больш за дзесяцігоддзе. 

    Сёлета ў студзені яна ўпершыню абвясціла пра вымушаны перапынак, і цягам тыдня старонка не абнаўлялася. «Я, нармальны дарослы чалавек, не магу вам, нармальным дарослым людзям, нічога толкам патлумачыць. Магу сказаць толькі адно. Прычына закрыцця групы важкая і сур’ёзная. І яна — не ўва мне», — напісала тады адміністратарка.

    Якраз тымі днямі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» было абвешчанае папулярнае ў рэгіёне анлайн-выданне «Народныя Навіны Віцебска».

    Потым суполка «Навіны Віцебска» пачала папаўняцца публікацыямі, аднак журналістка папярэдзіла, што «навін будзе менш. Або яны будуць з’яўляцца не кожны дзень. Кантэнт застаецца ранейшым. Ніякай палітыкі. Толькі краязнаўства, гісторыя, культура Віцебска».

    Праз чатыры месяцы пасля аднаўлення, Таццяна Мацвеева зноў спыніла дзейнасць суполкі ў Face­book, патлумачыўшы гэта неабходнасцю «узяць тайм-аут прыкладна на тыдзень ці два. І прыняць важныя для сябе рашэнні. Зразумець, куды рушыць далей». Прыкладна праз два тыдні аўтарскія допісы пачалі з’яўляцца зноў, і канчатковае рашэнне закрыць суполку стала для многіх чытачоў цалкам нечаканым.

    Паводле допісу заснавальніцы, «Навіны Віцебска» дапамагалі ёй не губляць прафесійных навыкаў, і гэта яна лічыць адзіным «плюсам». «Група дапамагала заставацца ў прафесіі, дакладней, стварала ілюзію, што я яшчэ журналіст. Мне здавалася, што я пры справе і хаця б неяк дапамагаю людзям тым, што ўмею, — напісала Таццяна Мацвеева, развітваючыся з чытачамі. — Але «мінусы» ўжо даўно пераважаюць адзіны «плюс». Я ўвесь час жыву ў стрэсе. І каб захаваць здароўе і розум, я вымушана развітацца з групай».

    Чытачы паставіліся да гэтага рашэння са спагадай, пажадаўшы адміністратарцы знайсці сябе ў новых творчых справах.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці