Журналістку Аліну Скрабунову аштрафавалі за сюжэт для «Белсата»
Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 5 сакавіка пакараў журналістку Аліну Скрабунову штрафам у памеры 25 базавых велічынь за парушэнне арт. 23.5 КаАП РБ — да 1 сакавіка гэты артыкул быў у КаАП пад нумарам 22.9. Журналістку прызналі вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ.
Аліну Скрабунову выклікалі ў суд даволі нечакана, бо, як аказалася, сканчаўся тэрмін прыцягнення яе да адміністрацыйнай адказнасці.
Згодна з матэрыяламі справы, Скрабунова незаконна вырабіла сюжэт, які быў затым паказаны на замежным тэлеканале “Белсат” 5 студзеня. У сюжэце распавядалася пра суд над магіляўчанінам Сяргеем Базуком, які нібыта раскідаў самарэзы каля будынкаў сілавых ведамстваў у Магілёве.
Суддзя Наталля Ясенка зрабіла ўсё магчымае, каб скончыць судовы працэс менавіта 5 сакавіка. Суддзя не задаволіла хадайніцтва Скрабуновай аб вяртанні адміністрацыйнай справы на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС Магілёва, нягледзячы на мноства недахопаў у матэрыялах справы.
Таксама Наталля Ясенка не пагадзілася з меркаваннем адваката журналісткі аб неабходнасці спынення справы за недаказанасцю правапарушэння.
У выніку журналістцы прызначылі штраф у 25 базавых велічынь (725 рублёў). Аліна Скрабунова збіраецца абскардзіць пастанову раённага суда ў Магілёўскім абласным судзе.
Нагадаем, супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва 5 лютага правялі так званы “агляд” у кватэры журналісткі. Пасля “агляду” ў Скрабуновай забралі ўсю тэхніку: сістэмны блок камп’ютара, два ноўтбукі, дзве відэакамеры, тэлефоны, флэшкі і г. д. Ніякіх папер, у тым ліку пратакола вынятку тэхнікі, супрацоўнікі міліцыі журналістцы не пакінулі.
У мінулым 2020 годзе Аліну Скрабунову неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 22.9 КаАП — за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі беларускага міністэрства замежных спраў.