Журналістку «Белсату» Валерыю Уласік пакаралі штрафам 690 рублёў
Супраць яе распачалі справу за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў». Справа вядзецца пра сюжэт пра пратэсты супраць ушчыльнення Ленінскага раёну, які выйшаў на нашым тэлеканале 24 жніўня.
«Гэта не суд. Неаднаразова прысутнічала ў калегаў і сяброў, ведала, чым гэта скончыцца. Мой суд не выключэнне. Штраф. На тое, што я казала, што не распаўсюджвала інфармацыю, ніхто не звярнуў увагі. Ім было дастаткова маёй прысутнасці ў адміністрацыі Ленінскага раёну», — выказваецца Валерыя Уласік.
Сведкамі выступілі супрацоўнікі міліцыі, якія былі на сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі, каб сачыць за грамадскім парадкам.
«Калі я запытала іх, чаму яны не папярэдзілі, што за гэта пагражае адміністратыўная адказнасць, яны сказалі, што гэта не іх кампетэнцыя. На судзе быў незнаёмы мужчына, на калідоры ён размаўляў са сведкамі, таму можна рабіць высновы, хто ён і для чаго», — кажа журналістка.
У якасці прычыны выкліку ў суд у смс-паведамленні, якое атрымала Валерыя напярэдадні, гаварылася пра «адміністратыўны працэс» супраць журналісткі, але паводле якога артыкулу, не ўдакладнялася.
Агулам апошнімі днямі ў суд альбо міліцыю выклікалі пяць журналістаў «Белсату»
30 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна а 15:00 чакаюць аператара Аляксандра Баразенку. Супраць яго завялі справу паводле ч.2 арт. 22.9 («незаконны выраб і распаўсюд прадкуцыі медыяў») КаАП Беларусі. 10 кастрычніка ў журналіста канфіскавалі тэхніку і аштрафавалі на 920 рублёў за нібыта парушэння аўтарскіх правоў пра выкарыстанне брэнду «Белсат».
У гэты ж дзень у суд Цэнтральнага раёну Менску выклікаюць Вольгу Чайчыц — там яна мае з’явіцца а 16:00. У гэтым жа судзе, але а 14:00 і 17:00, чакаюць Андруся Козела і Ганну Аземшу. Супраць іх таксама завялі справы за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў».