Журналістку-фрылансера з Глыбокага Таццяну Смоткіну будуць судзіць у Докшыцах
Журналістка-фрылансер з Глыбокага (Віцебская вобласць) Таццяна Смоткіна атрымала позву ў суд Докшыцкага раёна.
У дакуменце паведамляецца, што 27 снежня Докшыцкі райсуд будзе разглядаць адміністрацыйную справу супраць Смоткінай паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП (“Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”).
У судзе я буду займаць пазіцыю, што маю права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Гэта мне гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Я не з’яўляюся штатным супрацоўнікам ніякага замежнага сродку масавай інфармацыі, таму, паводле заканадаўства, не парушаю артыкул 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса, — зазначыла ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Таццяна Смоткіна.
Нагадаем, адміністрацыйныя справы супраць журналістаў Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача распачаў Докшыцкі раённы аддзел унутраных спраў. 15 снежня журналісты мусілі явіцца ў аддзяленне міліцыі, каб даць тлумачэнні паводле адміністрацыйнай справы за “парушэнне заканадаўства аб СМІ”.
Падставай для адміністрацыйнага пераследу сталі журналісцкія матэрыялы, якія выйшлі на “Радыё Рацыя” і тэлеканале “Белсат”. У іх распавядалася пра тое, як мясцовы грамадскі актывіст Кастусь Шыталь збіраў подпісы за стварэнне прыпынку цягніка Мінск — Полацк на станцыі Параф’янава. У выніку гэты прыпанак Беларуская чыгунка арганізавала. Справа атрымала шмат станоўчых водгукаў ад мясцовых жыхароў.
Журналіст Зміцер Лупач, паводле інфармацыі на дадзены момант, позвы з Докшыцкага райсуда яшчэ не атрымліваў.