Марына Кастылянчанка мусіла выйсці на волю пасля 15-сутачнага арышту ў суботу 14 лістапада ў 18:30. Але праз паўгадзіны чакання пад сценамі СІЗА да блізкіх журналісткі і іншых затрыманых з ёй у кавярні 30 кастрычніка выйшлі супрацоўнікі міліцыцыі і паведамілі, што яны зноў затрыманыя ў межах адміністрацыйнага працэсу і на волю сёння не выйдуць.
Як распавялі баранавіцкія міліцыянты, за паўгадзіны да вызвалення Марыны і яшчэ пяці чалавек яны атрымалі рапарты ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКа аб тым, што яны нібы 25 кастрычніка ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным шэсці ў Мінску. Таму яны затрыманыя для складання пратаколаў па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Судовыя працэсы над журналісткай у раскладзе суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавіч з’явіліся толькі ў аўторак пасля абеду. Але яны былі, па сутнасці, закрытымі: было арганізавана выязное паседжанне ў ізалятар. Праваабаронцы “Вясны” не змаглі на яго патрапіць, каб ажыццявіць маніторынг.
У выніку, суддзя Мікалай Кміта на выязным судовым паседжанні асудзіў незалежную журналістку і праваабаронцу “Вясны” Марыну Кастылянчанку на 15 сутак арышту.
Заўтра, 18 лістапада, у 14:30 ў Мінскім гарадскім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі журналісткі на пастанову суда Заводскага раёна ад 2 лістапада, якой яна была асуджана на 15 сутак арышту.
Нагадаем, праваабаронцу «Вясны» Марыну Кастылянчанка 2 лістапада суд Заводскага раёна Мінска асудзіў па двух артыкулах КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Яе абвінавацілі ў тым, што 30 кастрычніка яна «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады, выкрыквала лозунгі «Трыбунал», «Жыве Беларусь», «Сыходзь», а пры затрыманні аказала супраціў супрацоўнікам міліцыі, адмаўляючыся прайсці ў службовы транспарт». Суддзя Жанна Хвайніцкая прызнала яе вінаватай і прыняла рашэнне арыштаваць Марыну на 15 сутак. Праваабаронца цалкам не прызнала віну і назвала абвінавачванні абсалютнай выдумкай.
Заклікаем падтрымаць лістамі і паштоўкамі салідарнасці Марыну.
СІЗА‑6, г. Баранавічы, Брэсцкая вобласць, вул. Брэсцкая, 253В, 225413
Марыне Аляксандраўне Кастылянчанка