• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістку Таццяну Смоткіну пакаралі штрафам за сацыяльны сюжэт

    Суддзя Докшыцкага райсуда Вячаслаў Елісеенка 31 траўня прысудзіў 30 базавых велічыняў (735 рублёў) штрафу журналістцы з Глыбокага Таццяне Смоткінай.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/tanja_2-833x400_0.jpg

    Журналістка была аштрафаваная па частцы 2 артыкула 22. 9 КаАП за матэрыял “Вываз смецця – паслуга абавязковая”, які быў размешчаны на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”.

    На пачатку суда Таццяна Смоткіна сказала, што беларускаму суду не давярае, бо на сабе адчула, што правасуддзя ў справах журналістаў-фрылансераў няма. Але адвод суддзі заяўляць не мае намер, бо  які б суддзя ні быў, ужо загадзя вядома, чым скончыцца суд. Сваю віну Таццяна таксама не прызнала. Пасля гэтага журналістка адмовілася ад дачы паказанняў, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі: Ніхто не павінны прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы.

    Таццяна лічыць, што суд усё адно не прыслухаўся б да яе довадаў, як гэта было раней. Нават пераканаўчыя довады іх адвакатаў, пацверджаныя артыкуламі законаў, заставаліся па-за ўвагай суддзяў. Таму на гэты раз яна вырашыла сэканоміць час і не тлумачыць сваю пазіцыю.

    Потым былі апытаныя сведкі, чые выказванні прысутнічалі ў матэрыяле “Вываз смецця – паслуга абавязковая”. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай і прававой работы Докшыцкага РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Таццяна Галавач пацвердзіла, што Таццяна Смоткіна тэлефанавала ёй, прадстаўлялася журналістам-фрылансерам  і ўдакладняла інфармацыю наконт паслугі вывазу смецця і квітанцыі Аляксандра Крупскага.

    У сваю чаргу другі сведка,  пенсіянер-інвалід Аляксандр Крупскі, сказаў, што толькі да незалежных журналістаў і можна звярнуцца з якой-небудзь сацыяльнай праблемай. Дзякуючы ім, праблемы вырашаюцца. І напрыканцы зазначыў, што журналісты робяць добрую справу і іх няма за што судзіць.

    Як кажа Таццяна Смоткіна, раней суддзі, як Глыбоцкага, так і Докшыцкага судоў давалі ёй штраф па 25 базавых велічыняў, зараз “стаўкі” падняліся да 30-ці.  Незалежных журналістаў пратаколамі, судамі і штрафамі прымушаюць замаўчаць, каб у сваіх публікацыях не ўскрывалі сапраўдную рэчаіснасць. Бо на дзяржаўных тэлевізійных каналах, сайтах і ў газетах паўсюдная стабільнасць і росквіт.

    Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці