Журналісту газеты “Борисовские новости” забаранілі фотаздымку ў памяшканні банка
Падчас так званай працы “ў полі” журналіст “Борисовских новостей”, які рыхтаваў рэпартаж аб курсах валют, зайшоў у аддзяленне ААТ “АСБ Беларусбанк”. Але работніца фінансавай установы не дазволіла яму сфатаграфаваць інфармацыйны стэнд з лічбамі.
У той жа дзень рэдактар “Борисовских новостей” А. Букас напісаў аб інцыдэнце ў кнізе заўваг і прапаноў ААТ “АСБ Беларусбанк”, указаўшы, што закон аб СМІ быў парушаны. У пісьмовым адказе на зварот дырэктар філіяла банка патлумачыў, што ў адпаведнасці з нормамі закона журналіст мае права рабіць фота- і відэаздымкі фізічных і юрыдычных асоб пры наяўнасці акрэдытацыі ці па ўзгадненні з імі.
Апрача гэтага ён спаслаўся на п. 5.11 Правіл арганізацыі прапускнога рэжыму ў ААТ “АСБ Беларусбанк”, зацверджанага пратаколам паседжання праўлення ААТ “АСБ Беларусбанк”, дзе ўказана, што фота- і кіназдымкі, аўдыязапіс ва ўстанове банка дапускаюцца толькі з дазволу кіраўніка, яго намеснікаў у прысутнасці асобы, імі прызначанага.
Фотаздымка была забаронена з прычыны таго, што звесткі аб акрэдытацыі журналіста не былі прад’яўлены, а распараджэнняў кіраўніцтва філіялу аб узгадненні візіта журналіста не было. Парушэнняў у дзеяннях работніцы банка кіраўніцтва не выявіла.
Рэдактар «Борисовских новостей» А. Букас не пагадзіўся з пазіцыяй дырэктара філіяла банка і абскардзіў яго адказ ў галоўны офіс ААТ “АСБ Беларусбанк”. У скарзе рэдактар недзяржаўнай газеты спаслаўся на права журналіста збіраць, запытваць і атрымліваць інфармацыю з дзяржаўных органаў, ад палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, іншых юрыдычных асоб, а таксама захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю, неабходную для ажыццяўлення яго прафесійнай дзейнасці. Апрача гэтага, па меркаванні А. Букаса, інфармацыя аб курсах валют выстаўляецца ў публічных месцах і з’яўляецца адкрытай для неабмежаванага кола асоб, што робіць магчымым яе фатаграфаванне без атрымання дазволу.