Журналісту Сяргею Гардзіевічу, якога абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі, працягнулі хатні арышт
Карэспандэнт інтэрнэт-сайта “Першы Рэгіён” Сяргей Гардзіевіч абвінавачваецца паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (“Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”). Абвінавачанне было прад'яўлена яму 31 снежня 2020 года.
Пад хатнім арыштам у Драгічыне журналіст знаходзіцца з 25 снежня, і гэта тэрмін мусіў скончыцца 25 лютага. Аднак, як стала вядома службе маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», начальнік Драгічынскага раённага аддзела Следчага камітэта Вадзім Кашалюк вырашыў працягнуць тэрмін папярэдняга следства да трох месяцаў (да 25 сакавіка).
У пастанове гаворыцца, што па гэтай крымінальнай справе “неабходна правесці шэраг судовых даследванняў, атрымаць заключэнне судовых камп’ютарна-тэхнічных экспертыз, а таксама выканаць следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні, накіраваныя на заканчэнне папярэдняга следства”.
Такім чынам, тэрмін знаходжання Сяргея Гардзіевіча пад хатнім арыштам працягнулі да 25 сакавіка. Следства тлумачыць такую меру ўтрымання тым, што, знаходзячыся на волі, журналіст нібыта “можа схавацца ад органа крымінальнага пераследу, здзейсніць іншыя прадугледжаныя крымінальным законам грамадска небяспечныя дзеянні”.
Сяргей Гардзіевіч не дае паказанняў і не прызнае сябе вінаватым у здзяйсненні злачынства, у якім яго абвінавачваюць. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала карэспандэнта “Першага Рэгіёна” палітвязнем.