Жыхару Магілёва зьмякчылі прысуд за рэпост відэароліка экстрэмісцкага характару
21-гадовага жыхара Магілёва Арцёма Казлова суд пакараў 3 гадамі «хіміі» за рэпост расейскага відэароліка экстрэмісцкага характару. Пасьля 8 месяцаў зьняволеньня яго вызвалілі з-пад варты ў судовай залі. Мера стрыманьня зьмененая на падпіску пра нявыезд.
Магілёўскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысных дзеяньнях, накіраваных на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай варожасьці (1‑я частка 130-га артыкулу Крымінальнага кодэксу), а таксама злосным хуліганстве (2‑я частка 339-га артыкулу). Апрача таго, суд прызнаў, што ён разам з 20-гадовым Паўлам Сярогавым зьбіў чалавека.
Казлова асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, але меру стрыманьня замянілі на падпіску пра нявыезд і належныя паводзіны. Пасьля агучваньня выраку Казлова вызвалілі з‑пад варты.
Паўла Сярогава за «злоснае хуліганства» асудзілі на 1,5 гады папраўчай установы адкрытага тыпу. Ён таксама знаходзіцца пад падпіскай пра ня выезд.
У чым экстрэмізм і распальваньне варожасьці
Арцём Казлоў разьмясьціў на сваёй старонцы сацыяльнай сеткі «ЎКантакце» відэаролік, які, паводле сьледзтва, «зьмяшчае прапаганду і заклікі да гвалтоўных дзеяньняў супраць асобаў, якія вылучаюцца прыкметамі расавай, нацыянальнай прыналежнасьці». Ведаючы зьмест, ён захоўваў яго ў адкрытым доступе з мэтаю, як адзначаецца ў матэрыялах справы, «узбуджэньня ў насельніцтва нацыянальнай варожасьці, у тым ліку зьнявагі расавага, нацыянальнага гонару і годнасьці».
Відэаролік зьявіўся на старонцы Казлова не пазьней як 25 лістапада 2013 году і захоўваўся, пакуль 15 студзеня 2015 году яго ня выявілі супрацоўнікі міліцыі.
Пад увагу міліцыі Казлоў трапіў як удзельнік фанацкіх груповак у сьнежні 2017 году. Паводле апэратыўнай інфармацыі, казаў суду супрацоўнік аддзелу ўнураных спраў на транспарце Аляксандар Осіпаў, абвінавачаны разьмяшчаў на сваёй старонцы «ЎКантакце» інфармацыю экстрэмісцкага характару. Пазьней гэта пацьвердзілі экспэрты.
Осіпаў паведаміў таксама, што ў групоўках заўзятараў Казлоў мае мянушку «Нацыст». Паводле міліцыянта, хлопец ведаў пра зьмест відэароліка.
Пра што відэаролік
Відэа запісана ў Расеі. На ім зьнятыя сцэны жорсткага зьбіваньня групамі маладзёнаў у балаклавах людзей «неславянскага выгляду», а таксама бадзяг. Зьбіцьцё суправаджаецца песьняй, якая ўхваляе такія дзеяньні і сьцьвярджае, што гэта робіцца «дзеля будучыні і белых дзяцей».
У Расеі відэаролік унесены ў фэдэральны сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У беларускім сьпісе яго няма.
Паводле беларускіх экспэртаў, відэаролік «зьмяшчае псыхалягічныя і лінгвістычныя прыкметы прапаганды гвалтоўных дзеяньняў ды падахвочвае да распальваньня расавай і нацыянальнай варожасьці». Акрамя таго, яго зьмест аказвае ціск на гледача праз «спосаб арганізацыі і падачы відэаматэрыялу, якія ўплываюць на ягоную псыхіку і паводзіны».
Аргумэнты падсуднага
Віны ў інкрымінаваным злачынстве паводле часткі 1 артыкулу 130 КК ён не прызнаў. Пераконваў суд, што ў ягоных дзеяньнях не было зламыснасьці.
Паводле хлопца, відэаролік ён пабачыў, калі яму было 16 гадоў, і тады яму не было зразумела, што значыць «распальваньне расавай і нацыянальнай варожасьці». Абвінавачаны заявіў, што відэа яму не падабалася. Ён таксама адзначыў, што ролік мог выставіць на ягоную старонку нехта іншы, узламаўшы яе.
На пытаньне, чаму ў такім разе ён яго адразу ня выдаліў, адказаў: ня думаў, што за яго можна трапіць пад крымінальны перасьлед, і ролік яму не перашкаджаў.
Хто такі Казлоў
Арцёму Казлову 21 год. Стаіць на наркалягічным уліку з дыягназам «злоўжываньне алькаголю са шкоднымі наступствамі». Таксама на ўліку псыхіятрычнай бальніцы з дыягназам «эмацыйны няўстойлівы разлад асобы». Мае судзімасьць паводле 1‑й часткі 149-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (наўмыснае прычыненьне няцяжкага цялеснага пашкоджаньня). Пакараны паўгадавым абмежаваньнем адпачынку. Прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за знаходжаньне ў стане алькагольнага ап’яненьня ў грамадзкім месцы.
Казлоў ад 26 сакавіка ў сьледчым ізалятары. У судовай залі — у клетцы. Ягонае хадайніцтва аб зьмяненьні меры стрыманьня на падпіску пра нявыезд суд не задаволіў.
Эпізод з хуліганствам
Віну ва ўчыненьні злоснага хуліганства (частка 2 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу) Казлоў прызнаў цалкам. У гэтым жа злачынстве быў абвінавачаны і яго саўдзельнік 20-гадовы Павал Сярогаў. Ён віну таксама прызнаў.
Казлоў і Сярогаў у ноч з 22 на 23 сакавіка ў стане алькагольнага ап’яненьня пабілі наведніка аднаго з магілёўскіх бараў, нанесьлі цялесныя пашкоджаньні з катэгорыі лёгкіх — зламалі нос. Пацярпелы тры дні прабыў у бальніцы.
Сярогаў пазьбег арышту. Мае судзімасьць за хуліганства. Стаіць на ўліку ў наркалягічным дыспансэры за ўжываньне алькаголю.