• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зьміцер Дзядзенка: «Зь Беларусі я выехаў, але яе паветра ня выдыхнуў»

    Літаратар і журналіст Зьміцер Дзядзенка нядаўна выехаў зь Беларусі. «Свабода» пагаварыла зь ім аб прычынах ад’езду, жыцьці і творчасьці ва ўмовах дыктатуры, немагчымасьці выдавацца на радзіме, новай кнізе, аршанскім дзіцячым каралеўстве, насьледаваньні Караткевічу ды іншым.

    Зміцер Дзядзенка

    Зьміцер Дзядзенка ля памятнага знака Канстанціну Астроскаму. Архіўнае фота

    Пра пагрозу затрыманьня

    — Мінулай восеньню выйшла ваша новая кніга «Гульні Цырцэі». І гэта было важнай нагодай, каб запрасіць аўтара на інтэрвію. Але на той момант вы жылі ў Беларусі. Нядаўна ўсё ж выехалі. Што стала непасрэднай прычынай ад’езду?

    — Насамрэч кніга выйшла яшчэ ўлетку і прадавалася ўжо на «ГучнаФэсьце» ў Варшаве ў ліпені. Але я тады заставаўся ў Беларусі, бо лічу, што заставацца сёньня на радзіме — гэта, па-першае, форма маральнага супраціву. Па-другое, усё самае важнае і значнае для нас будзе адбывацца ў Беларусі і рабіць яго будуць людзі, якія засталіся там.

    Сам я, на жаль, быў вымушаны пакінуць радзіму пасьля таго, як затрымалі некалькіх маіх калег і перада мной таксама замаячыла такая небясьпека.

    Пра «жыцьцё пад акупацыяй»

    — А як увогуле вам было ў Менску ўвесь гэты час пасьля пратэстаў 2020-га? Як спраўляліся з працай і творчасьцю пад пастаяннай пагрозай зьняволеньня?

    — Самае складанае ў такім «жыцьці пад акупацыяй» — адчуваць, што цябе моцна ня любяць і карнікі, і эмігранты. Ад адных чакаеш арышту, ад другіх чытаеш у СМІ і сацсетках пра тое, што «выехалі найлепшыя, а засталіся адны прадажнікі», што «краіна перагарнула старонку і добра жыве бяз нас».

    У такіх умовах болей пачынаеш цаніць кожны голас у падтрымку тых, хто застаецца на радзіме, нягледзячы на ціск і перасьлед. Хто разумее, што заставацца ў Беларусі, — гэта форма маральнага супраціву. Хто разумее, што асноўныя зьмены ў Беларусі будуць рабіць людзі, якія там засталіся, а эміграцыя будзе адыгрываць ролю інтэлектуальнага (і, магчыма, фінансавага) донара…

    Творчасьць у «жыцьці пад акупацыяй» можа стаць адхланьнем. У мяне, скажам, пісаліся і вершы, і кароткія вершаваныя фэльетоны на злобу дня, якія я аб’ядноўваю пад агульнай назвай «Каб не ср@лі галубы». З прозай было трохі больш складана, але крыху пісалася.

    Ведаю, што і ў іншых творцаў у Беларусі пісалася і пішацца — прынамсі, вершы некаторых аўтараў я чытаў зь цікавасьцю і задавальненьнем.

    Зьміцер Дзядзенка, архіўнае фота
    Зьміцер Дзядзенка, архіўнае фота

    Пра (не)выпаленую зямлю

    — Ці кантактавалі вы зь сябрамі, знаёмымі, калегамі? Ці было нейкае асяродзьдзе, у якім можна было пагаварыць пра жыцьцё, культурныя ды кніжныя навінкі?

    — Да падзеяў 2020 году кола кантактаў, вядома, было шырэйшае. І літаратурныя вечарыны ладзіліся больш актыўна, і тая ж прэмія Гедройця ўручалася ў Менску…

    Але і цяпер у Беларусі ня выпаленая зямля. Там засталося мноства цудоўных разумных людзей, якія працягваюць рабіць сваю справу, працуюць на ніве культуры.

    Калі чытаць незалежныя беларускія СМІ, здаецца, што ўсе культурныя дзеячы эмігравалі.

    Калі чытаць беларускі афіцыёз, здаецца, што ўсе культурныя дзеячы займаюцца абслугоўваньнем рэжыму.

    Насамрэч у Беларусі застаецца вялізная колькасьць тых, хто ўпарта працягвае пашыраць поле беларускай культуры. Іх часьцей за ўсё не чуваць і не відаць ні ў незалежных, ні ў афіцыйных СМІ — дык на сёньняшнія ўмовы гэта плюс.

    Зьміцер Дзядзенка
    Зьміцер Дзядзенка

    Пра кнігі, выдадзеныя за мяжой

    — Ці даходзілі да вас і вашых знаёмых кнігі беларускіх літаратараў, якія ўжо некалькі гадоў жывуць за мяжой і выдаюць свае творы ў іншых краінах?

    — Ня ведаю, як адказаць правільна, калі немагчыма сказаць ні «так», ні «не»… Сфармулюю так: у руках не трымаў, але пра некаторыя выданьні магу меркаваць ня толькі з чужых пераказаў. Напрыклад, сяброўка фатаграфавала і дасылала мне вершы з паэтычных зборнікаў апошніх гадоў. Не па адным-два вершы з кожнага зборніка, а куды болей. Так што трошкі даходзіла.

    Ясна, што прозу так не перашлеш. А вось з паэзіяй спрацоўвае!

    Зьміцер Дзядзенка
    Зьміцер Дзядзенка

    Пра немагчымасьць выданьня кнігі ў Беларусі

    — Ваша новая кніга выйшла ў Беластоку. Ці трапіла яна ў Беларусь? І ці ўдалося там наладзіць яе прэзэнтацыю, раздаць аўтографы чытачам?

    — Выданьне за мяжой — такая ж вымушаная мера, як эміграцыя. У Беларусі склалася такая сытуацыя, што пра некаторыя рэчы публічна немагчыма згадваць ня так, як гэта вызначае ўлада. Падзеі ў маім рэтра-крымінале адбываюцца ў пачатку савецкай эпохі і пры яе завяршэньні — ніякія сучасныя падзеі там не закранаюцца, ня згадваюцца. Але ёсьць там згадка бел-чырвона-белага сьцяга. Абсалютна нэўтральная згадка.

    І я спытаўся ў знаёмага з выдавецкай сфэры, ці змагу я надрукавацца ў іх, калі не называю бел-чырвона-белы сьцяг фашысцкім. Мне адразу адказалі: не, на сёньня гэта немагчыма. Таму давялося шукаць выдаўца за мяжой Беларусі.

    Прызнаюся шчыра, што я сваю кнігу ў надрукаваным выглядзе дагэтуль сам у руках не трымаў. У Беларусь яна афіцыйным чынам не трапляла, а сам я за мяжой яшчэ толькі некалькі дзён. Таму маё знаёмства з папяровым варыянтам «Гульняў Цырцэі» яшчэ наперадзе.

    Магу толькі спадзявацца, што якія-небудзь невядомыя мне таемныя кніганошы давезьлі яе ў Беларусь і там хтосьці яе чытае… Адпаведна, ні прэзэнтацый, ні аўтографаў.

    Зьміцер Дзядзенка
    Зьміцер Дзядзенка

    Пра аршанскае дзіцячае каралеўства і бунты дарослых

    — Між тым, па словах выдаўца «Гульняў Цырцэі» Яраслава Іванюка, ваша кніга ў Польшчы (і ня толькі) карыстаецца неблагім чытацкім попытам. Магчыма, гэтаму спрыяе ўдалая анатацыя кнігі. «Ворша, 1920 год. Забіты стары князь Друцкі, а ягоныя каштоўнасьці зьніклі. Шукае іх малады чэкіст Раман Васільчук, якому дапамагае былы сьледчы Павал Дадэрка. Тым часам навокал успыхваюць сялянскія бунты і рабочыя паўстаньні, дзейнічаюць рабаўнікі-анархісты, шпіёны Пілсудзкага і сэкс-шантажысты з дому цярпімасьці… А паралельна даросламу сьвету ўзьнікае дзіцячае каралеўства з сапраўдным імпэратарам. Але яно таксама аказваецца ўцягнутае ў жорсткае дарослае супрацьстаяньне». Наколькі гэты сюжэт адпавядае гістарычным падзеям у вашым родным горадзе? Ці ён цалкам ёсьць плёнам творчай фантазіі?

    — Спадзяюся, што кніга карыстаецца попытам ня толькі дзякуючы ўдалай анатацыі, але і свайму зьместу. Мне было б дужа прыемна жыць з такой думкай.

    Што да гістарычнай асновы сюжэту, то я мог бы, як у сэрыяле «Фарга», сказаць: «Усе гэтыя падзеі адбываліся насамрэч. Дзеля павагі да жывых мы памянялі ўсе імёны. Дзеля павагі да загінулых усе падзеі апісаныя так, як яны адбываліся насамрэч».

    У 1920‑х гадах выдаваўся часопіс «Аршанскі маладняк», у якім друкаваліся мясцовыя літаратары. І на старонках гэтага выданьня быў надрукаваны артыкул пра зараджэньне піянэрскага руху ў Воршы. Прычым выводзіўся ён не са скаўтаў, напрыклад, а вось з гэтай дзіцячай імпэрыі, якую стварылі аршанскія дзеці і падлеткі. Там літаральна на адной старонцы апісвалася гэтае дзіцячае каралеўства, якое вяло войны і захоплівала чужыя тэрыторыі, мела свае грошы, рынак, войска, пошту і нават свае калёніі — тэрытарыяльныя, а не папраўчыя, вядома ж… І ўся гэтая суцэльна «буржуазна-імпэрская» структура, як сьцьвярджалася ў артыкуле, была пра-асновай піянэрскай пралетарскай самаарганізацыі.

    Мне гэты выкрутас спадабаўся настолькі, што сьпярша я напісаў эсэй пра аршанскае дзіцячае каралеўства. Але гісторыя гэтая не адпускала, пакуль урэшце не ўвасобілася ў большую мастацкую форму.

    Прыкладна тое самае і з усім астатнім: у рэальнасьці былі і чэкісты, і анархісты, і сялянскія паўстаньні, і рабаваньні… Сабраць іх разам у той ці іншай камбінацыі — гэта ўжо мая аўтарская воля.

     

    Пра творчую кухню Караткевіча

    — Містыка, казачныя павароты сюжэтаў, інфэрнальны сьвет — вашы пастаянныя творчыя прыёмы, пачынаючы ад «Гісторыі ў прыцемках», якая выйшла ў 2015‑м. А ў вашым апавяданьні пра падзеі, вядомыя ў гісторыі як «Бітва пад Воршай», здабыць перамогу над маскоўцамі нашым продкам дапамагаюць розныя тутэйшыя нячысьцікі. Між тым, вы на пачатку літаратурнага шляху пісалі: «З вокнаў радзільні зазіраў цераз плот на двор хаты Ўладзімера Караткевіча, якая стаіць побач, і спрабаваў падгледзець „творчую кухню“ славутага пісьменьніка-земляка». Але ў ягоных творах, здаецца, чарцей няма… Ці мы памыляемся, а вам па-зямляцку адкрылася нешта іншае ў Караткевічавай творчай кухні?

    — Акурат у «Гульнях Цырцэі» няма ніякай містыкі, усё прыземлена. Часам, можа, і моцна прыземлена, як у сцэне задушэньня сялянскага бунту.

    Містыка — гэта пераход у сьвет ірацыянальны. Туды, дзе мы ня ўсё можам зразумець і вытлумачыць, дзе пачуцьці пераважаюць над розумам. А дэтэктыўны сюжэт акурат вымагае абсалютна рацыянальных вытлумачэньняў, лягічных абгрунтаваньняў. Прынамсі, у рамках таго сьвету, які стварае аўтар.

    Але ад містыкі я не адракаюся. Толькі яна зьяўляецца ў іншых творах, напрыклад у апавяданьні «Тры магілы Арыка Фергаса», якое было ў 2023‑м апублікаванае ў часопісе «Мінкульт». Потым яго зачытвалі вольныя «Купалаўцы» і Павал Яськевіч здымаў паводле яго кароткамэтражную стужку «Дух месца».

    Наконт Караткевіча. Разумею, што мне ад яго нікуды не падзецца зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, мы сваякі па аршанскай зямлі. Па-другое, я таксама пішу прыгодніцкія творы з гістарычным антуражам.

    Аднак я для сябе сфармуляваў задачу і некалькі гадоў таму напісаў эсэй «Вылезьці з‑пад ср@кі Караткевіча». Як першапраходца тэмы Караткевіч стварыў своеасаблівы канон, за які многія аўтары хапаюцца як за ратавальную чароўную палачку. І множацца шэрагі бледных высакародных рыцараў-шляхціцаў, рамантычных паненак і падступных зламысьнікаў.

    Я люблю творчасьць Караткевіча. І менавіта таму пішу іначай: маіх пэрсанажаў рэдка можна западозрыць у рамантызьме.

     

    Пра жыцьцё і творчасьць у эміграцыі

    — Што цяпер чакаць чытачам ад любімага аўтара? Ці паўплывае новае месца жыхарства на тэмы й мэтады творчасьці?

    — У электроннай бібліятэцы «Камунікат» можна пачытаць творы, якія не выходзілі асобнымі папяровымі выданьнямі: там казкі, кароткія апавяданьні. Таксама там зьмешчана маё насьледаваньне матывам Янкі Купалы — «К‑вэрсія», жанр якой я вызначыў як «камэрная сюіта».

    Яшчэ да ад’езду я пачаў пісаць адзін твор, але падрабязнасьцяў расказваць не хачу, баюся сурочыць.

    Спадзяюся, што ў фэйсбуку працягнуць зьяўляцца і вершы-фэльетоны «Каб не ср@лі галубы», і іншыя кароткія творы, якія я часта правяраю на чытацкай аўдыторыі.

    А вось ці паўплывае новае асяродзьдзе на творчасьць — пабачым.

    — Як увогуле складваецца ваша новае жыцьцё?

    — Задоўга да Шрэдынгера старажытныя эліны дзялілі ўсё чалавецтва на тры катэгорыі — жывыя, мёртвыя і тыя, хто ў моры.

    Калі кіравацца тым жа прынцыпам, беларусаў можна падзяліць на:

    • тых, хто на радзіме;
    • тых, хто ў эміграцыі;
    • іншых.

    Я пакуль што пачуваюся ў трэцяй катэгорыі, бо зь Беларусі выехаў, але ня выдыхнуў яе паветра.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці