“Зручны горад”: зручна і для журналістаў
Новы інтэрнэт-праект “Зручны горад”, закліканы дапамагчы актыўным грамадзянам правільна звяртацца да дзяржаўных органаў, можа прынесці практычную карысць і журналістам.
У гэтым перакананыя стваральнікі вэб-платформы, прэзентацыя якой адбылася 15 кастрычніка ў мінскім адукацыйным цэнтры “Imaguru”.
У чым сутнасць?
Сайт “Зручны горад” – гэта вэб-платформа, пры дапамозе якой грамадзяне могуць ствараць электронныя звароты ў дзяржаўныя органы і збіраць пад імі подпісы аднадумцаў. Форму электронных зваротаў выкарыстоўвае толькі каля 11% рэспандэнтаў, а патэнцыял у іх вялікі, – перакананыя аўтары праекта.
Па іх словах, галоўнае адрозненне платформы ад ужо існуючых віртуальных “зборшчыкаў подпісаў” – у тым, што гэтыя звароты будуць мець юрыдычную сілу. Іх належным афармленнем займаюцца юрысты, а кожнаму аўтару петыцыі давядзецца прайсці працэдуру рэгістрацыі на сайце. Без рэгістрацыі нельга таксама падпісацца пад петыцыяй і ўбачыць каментары да яе.
“Зварот ідзе не ад сайта, а ад падпісантаў. Наш інструмент не падмяняе сабой грамадзяніна”, – адзначае ідэйны натхняльнік праекта Уладзімір Кавалкін, вядомы па праекце “Кошт урада”.
Сайт дазваляе ствараць не толькі калектыўныя, але і індывідуальныя звароты. Аўтар петыцыі можа застацца ананімным для вонкавых карыстальнікаў.
На дадзены момант на сайце ўжо створана каля двух дзясяткаў зваротаў (петыцый), сабрана больш за паўтары сотні подпісаў і атрыманы 1 адказ з дзяржаўнага органа (гэта адказ на індывідуальны зварот, прычым пытанне вырашылая на карысць аўтара).
Сярод апошніх петыцый – “Прызнаць раён Асмалоўкі гістарычным помнікам і забараніць там будоўлю”; “Прадубляваць надпісы ў нацыянальным аэрапорце на беларускай мове”; “Прысвоіць Святлане Алексіевіч званне “Героя Беларусі” і іншыя.
У чым карысць для журналістаў?
З гэтым пытаннем прэс-служба ГА “БАЖ” звярнулася да Уладзіміра Кавалкіна.
– Тут ідэя вельмі простая. Наш сайт – своеасаблівы агрэгартар бедаў, скаргаў і праблемаў грамадзян. І журналісты, зацікаўленыя ў асвятленні такіх тэмаў, лёгка могуць даведацца, што хвалюе людзей, звязацца з імі, узяць інтэрв’ю і зрабіць добры матэрыял.
– Якім чынам можна выйсці на першакрыніцу?
– Найлепш звязацца з намі – каб мы з чалавекам аператыўна скантактаваліся і спыталі дазволу падзяліцца яго каардынатамі. Але, канешне, не лішне будзе і зарэгістравацца. Бо журналіст – такі ж грамадзянін, у яго таксама могуць быць праблемы, што патрабуюць вырашэння.
– Платформа заяўлена як некамерцыйная і непалітычная. У катэгорыях петыцый няма “Палітыкі”. Пакуль не было такіх петыцый ці вы наўмысна абыходзіце гэтую тэму?
– Мы не развіваем палітычных тэмаў. На нашым сайце немагчыма сабраць подпісы за нейкага кандыдата ці за рэферэндум. Гэта зусім іншыя працэдуры, якія рэгулююцца іншым заканадаўствам. А наш сайт створаны пад рэалізацыю магчымасцяў грамадзян у рамках аднаго-адзінага закона – “Аб зваротах грамадзян”. Усё, што можа быць рэалізавана ў рамках гэтага закона, можа з’явіцца на нашым сайце. Усё астатняе, хутчэй за ўсё, будзе адмадэравана як нямэтавае.
Часта бываюць праблемы “на стыку” грамадзянскага і палітычнага. Калі ў нейкім выпадку больш “грамадзянскага”, і гэта падпадае пад закон – такая петыцыя з’явіцца. Калі петыцыя выключна палітычная, у духу “давайце адклічам дэпутата” ці “давайце зладзім рэферэндум альбо імпічмент”, – яна там проста не з’явіцца. Сайт не прадугледжвае ніякіх механізмаў для таго, каб зрабіць такі збор подпісаў правільным з пункту гледжання беларускага заканадаўства…
Больш падрабязна пра сутнасць платформы “Зручны горад” і пра карыстанне ёю можна даведацца з прэс-рэлізаў у далучаных PDF-файлах (гл. наверсе).
Кантакты стваральнікаў праекта:
Алена Шалковіч (+375 29) 373 16 95, E‑mail: e.shelkovich@petitions.by
Уладзімі Кавалкін (+375 29) 395 35 37, E‑mail: uk@petitions.by