У інтэрнэце зноў спрабуюць скампраметаваць Паўла Левінава, выкарыстаўшы Youtube
Гэтым разам невядомыя пакуль паклёпнікі распрацавалі складаную камбінацыю: вырабілі відэаролік і размясцілі яго на youtube ад імя вядомага ў Віцебску актывіста. Ад ягонага ж імя стварылі фэйкавую старонку ў сацсетцы ВКонтакте і зрабілі рассылку сябрам віцебскага праваабаронцы, размясцілі ў папулярных пабліках.
Калі распавядаць падрабязна, схема ў паклёпнікаў была яшчэ больш скаданая: у роліку распавядаецца пра тое, нібыта Левінаў сам “выкрываў” віцебскіх актывістаў, а цяпер, маўляў, прыйшоў час даведаюцца праўду пра яго самога.
Пра тое, як Левінава спрабавалі выставіць “ілжэ-выкрывальнікам”, можна пачытаць у артыкуле “У Facebook з’явіўся фэйкавы акаўнт праваабаронцы Паўла Левінава. Распаўсюджваюць кампрамат ад яго імя”. Што да цяперашняй сітуацыі, то праваабаронца каментуе яе так:
“Хтосьці вельмі неабыякавы да маёй асобы! Ролік пра мяне называецца “Как заработать на выборах!” Хаця пра выбары там няма ні слова. Затое падрабязна расказана, дзе я жыву — з указаннем адраса і пазнакай на мапе горада, пра маю машыну — не паленаваліся нават яе сфатаграфаваць. Не паленаваліся і зарэгістравацца на «Куфары» ад майго імя, каб размясціць аб’яву, што я прадаю за вялікія грошы недабудаваны дом на ўскраіне Віцебска. Знайшлі артыкул пра мяне на сайце «Радыё Свабода», дзе я абвяргаю іх фэйкавыя захады.
Скапіравалі мае фотаздымкі з Facebook. Маўляў, вось як “на пенсію прапаршчыка памерам 350 рублёў” Левінаў ездзіць у замежжа! Толькі перастараліся: на фотаздымку, дзе я сфатаграфаваны на беразе Чорнага мора, напісалі “Алжыр”.
Павел Левінаў кажа, што ўжо даслаў на Youtube зварот з прсьбай выдаліць фэйкавыя аккаўнты і адсачыць з’яўленне новых старонак з таго самага IP-адраса.
Усім, хто хоча пацікавіцца ўмовамі ягонага рэальнага жыцця і побыту, ён рэкамендуе паглядзець зняты летась дакументальны фільм “Ён такі, Павел Левінаў”. Там можна ўбачыць усё: і кватэру, у якой ён жыве, і машыну, на якой ездзіць на лецішча, і само лецішча — простую вясковую хатку. Пра яе стваральнікі паклёпніцкага роліка чамусьці не згадалі: відаць, надта непрезентабельная для “выкрывальніцкіх” мэтаў.