Дзе найлепшыя тусоўкі? У Савецкім РУУСе! Міліцыянты масава выклікаюць журналістаў
Позвы ў РУУС Савецкага раёну Менску атрымалі адразу шэсць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам».
Першая аб 11:30 у міліцыю мусіць прыйсці Кацярына Андрэева. Праз паўгадзіны выклікаюць Таццяну Белашову. Аператары Віталь Дубік і Сяргей Кавалёў атрымалі позвы на 12:30.
Пасля такой актыўнай працы міліцыянты запланавалі сабе перапынак і ўжо а 14:30 запрашаюць да сябе Вольгу Чайчыц і Андруся Козела.
У кожнага з выкліканых журналістаў у позве пазначана, што супраць іх вядзецца адміністрацыйны працэс паводле ўсім ужо вядомага артыкулу КаАП 22.9 ч. 2 (Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў). Але ніхто не разумее за што менавіта распачалі справу і чаму выклікаюць столькі чалавек у адзін дзень. Калі міліцыянты хочуць даведацца пра сакрэты прафесіі і перайсці на «светлы бок», то наўрад ці атрымаецца, бо такіх, як кажуць, не «бяруць у касманаўты». А калі хочуць даведацца пра актуальныя навіны краіны, то хай лепей чытаюць наш сайт belsat.eu.
Нагадаем, што ад пачатку гэтага году журналістам, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», агулам выпісалі штрафаў на суму каля $ 20 тысяч.