У камітэце ААН абмяркоўваюць правы чалавека ў Беларусі. Параўноўваем даклады ўладаў і праваабаронцаў
8-9 кастрычніка ў Камітэце правоў чалавека ААН адбудзецца дыскусія аб правах чалавека ў Беларусі. Для ўдзелу ў абмеркаваньні афіцыйнага і альтэрнатыўнага дакладаў у Жэнэву зь Беларусі прыехалі дзьве дэлегацыі.
Афіцыйныя ўлады Беларусі накіравалі справаздачу аб сытуацыі ў краіне ў Камітэт правоў чалавека ААН ўпершыню за 20 гадоў. Праваабаронцы Беларусі ў сваю чагру падрыхтавалі і даслалі альтэрнатыўную справаздачу. Першымі на сэсіі Камітэту па правах чалавека ААН выступяць праваабаронцы, у другой палове дня — афіцыйная дэлегацыя. Мяркуецца, што з гэтага моманту будзе весьціся жывая трансьляцыя на сайце ААН. Абмеркаваньне справаздач па сытуацыі ў Беларусі працягнецца 9 кастрычніка.
Як вядома, у склад афіцыйнай дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнік МЗС Беларусі і чыноўнікі некаторых міністэрстваў і ўстаноў, дэлегацыю праваабаронцаў прадстаўляюць Валянцін Стэфановіч, Вольга Смалянка, Дзьмітры Чарных і Алег Агееў.
Абодва даклады падрыхтаваныя ў форме адказаў на пытаньні пра сытуацыю з правамі чалавека. Свабода параўнала гэтыя даклады.
1. Ці варта далей ужываць сьмяротнае пакараньне?
Афіцыйны даклад
-
У 1996 годзе большасьць на рэферэндуме прагаласавала за захаваньне сьмяротнай кары.
-
З 2010 году ў Палаце прадстаўнікоў працоўная група вывучае праблематыку сьмяротнага пакараньня.
-
Асуджаныя да сьмяротнай кары маюць такія самыя правы і магчымасьці абскардзіць прысуд, як і іншыя асобы, прызнаныя вінаватымі ў злачынстве.
-
У Беларусі караюць сьмерцю ўсё радзей. У 1997–1999 гадах было вынесена 106 сьмяротных прысудаў, а ў 2000–2016 — 54.
Альтэрнатыўны даклад
-
У Беларусі працягваецца практыка вынясеньня сьмяротных прысудаў Вярхоўным судом у якасьці суду першай інстанцыі, што пазбаўляе асуджаных права на касацыйнае абскарджаньне прысуду (справы Сяргея Марозава, Валера Гарбатага, Ігара Данчанкі, Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава).
-
10 чалавек расстралялі, хоць у Камітэце правоў чалавека ААН былі прынятыя да разгляду іхныя скаргі на прысуды (справы Кавалёва, Жука, Юзапчука, Бурдыкі, Грышкаўца, Селюна, Грунова, Іванова, Хмялеўскага, Якавіцкага).
-
У 6 выпадках з гэтага шэрагу Камітэт правоў чалавека ААН знайшоў парушэньні права на жыцьцё з боку беларускай дзяржавы.
-
Існая практыка выкананьня сьмяротных прысудаў парушае правы родзічаў пакараных.
2. Ці ужываюць да вязьняў катаваньні?
Афіцыйны даклад
-
У Рэспубліцы Беларусі ўжываньне катаваньняў забаронена.
-
Парушэньні гэтай нормы закону адбываюцца, з чым ідзе барацьба паводле закону. У 2016 годзе пракуратура правяла 1712 праверак, за парушэньні прыцягнутыя да адказнасьці 145 супрацоўнікаў міліцыі.
-
Прадстаўнікі грамадзкіх назіральных камісіяў маюць права наведваць беларускія вязьніцы.
-
Паводле справаздачы 2011 году, у СІЗА КДБ ня ўтрымліваліся асобы, падазраваныя ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
Альтэрнатыўны даклад
-
У Беларусі катаваньні і прыроўненае да іх абыходжаньне зь зьняволенымі надалей ужываюць у сыстэме як МУС, так і КДБ.
-
У СІЗА КДБ у 2011 годзе утрымліваліся ў тым ліку кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў і Алесь Міхалевіч ды іх давераныя асобы.
-
Дагэтуль не праведзенае расьсьледаваньне паводле іхных скаргаў на катаваньні ў ізалятары КДБ.
-
Нават ня спыненая крымінальная справа супраць Алеся Міхалевіча за ўдзел у масавых беспарадках.
-
На сайце Генэральнай пракуратуры Беларусі няма зьвестак пра згаданыя 1712 праверак турмаў у 2016 годзе.
-
Праваабаронцы сумняваюцца ў эфектыўнасьці і тых праверак, якія праводзяцца.
«Паводле інфармацыі былых вязьняў, правяральнікаў ня водзяць па праблемных месцах вязьніцаў (карцэр, ПКТ, мэдычная частка). Сур’ёзныя парушэньні адміністрацыя стараецца схаваць, пракурораў прыводзяць на сустрэчы толькі зь вязьнямі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, а тыя распавядаюць пра нязначныя парушэньні».
-
У Беларусі няма незалежных органаў, упаўнаважаных без папярэдняга паведамленьня наведваць вязьніцы і псыхіятрычныя лякарні.
-
Паўнамоцтвы грамадзкіх назіральных камісіяў «вельмі абмежаваныя», да таго ж гэтыя камісіі залежныя ад органаў ураду, бо тыя іх фармуюць.
3. Ці ёсьць ў Беларусі палітычныя вязьні ?
Афіцыйны даклад
-
Палітычных вязьняў у Беларусі няма, як няма і такога паняцьця ў заканадаўстве.
-
У Беларусі немагчыма, каб асуджаны адбыў у вязьніцы тэрмін, большы за вынесены судом. У выпадку невыкананьня асуджаным унутраных правілаў на яго могуць накладацца спагнаньні, аднак ён можа гэтыя спагнаньні абскардзіць, у тым ліку праз суд.
-
За 2012–2015 гады суды разгледзелі 19 такіх справаў — усе скаргі былі прызнаныя неабгрунтаванымі.
Альтэрнатыўны даклад
-
Праваабаронцы называюць палітвязьнямі двух чалавек: актывіста Зьмітра Паліенку і праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага.
-
Праваабаронцы патрабуюць вызваленьня палітвязьняў і галоснага ды аб’ектыўнага перагляду іхных справаў.
-
У Беларусі ёсьць 411 артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога «за сыстэматычнае невыкананьне законных патрабаваньняў адміністрацыі» вязьня могуць асудзіць на новы тэрмін зьняволеньня (аўтары афіцыйнага дакладу пра гэта ня згадваюць). Гэты артыкул неаднойчы ўжывалі супраць палітвязьняў — напрыклад, супраць Зьмітра Дашкевіча ў 2011 годзе.
4. Ці парушаюць у Беларусі свабоду слова?
Афіцыйны даклад
-
Сытуацыя з разьвіцьцём сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі пазытыўная, зазначалася ў дакладзе 2017 году.
-
Дзяржаўныя органы часам абмяжоўваюць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, але колькасьць такіх выпадкаў названая «адносна невялікай».
-
За час дзеяньня закону «Аб сродках масавай інфармацыі» доступ да сайтаў абмяжоўваўся 49 разоў. Пераважна гэта тычылася інфармацыі пра распаўсюд наркотыкаў (26), прапаганды экстрэмізму (11), дзіцячай парнаграфіі і рэклямы алькаголю.
Альтэрнатыўны даклад
-
Сытуацыя з свабодай слова ў Беларусі паступова пагаршаецца, у тым ліку празь недэмакратычныя папраўкі ў заканадаўства і больш жорсткія падыходы да журналістаў. Гэта прывяло да згортваньня рынку незалежных мэдыя ў Беларусі.
-
Шмат прыкладаў, калі журналістаў караюць за працу без акрэдытацыі, пры гэтым дзяржава стварыла штучныя перашкоды ў атрыманьні акрэдытацыі.
-
Колькасьць выпадкаў блякаваньня сайтаў невядомая, рашэньні пра абмежаваньне доступу дзяржаўнымі органамі не публікуецца.
-
Доступ да сайту chartet97.org заблякаваны дагэтуль.
5. Ці парушаюць у Беларусі свабоду сходаў і акцыяў пратэсту?
Афіцыйны даклад
-
Паводле Канстытуцыі, кожнаму грамадзяніну гарантуецца свабоднае выказваньне меркаваньняў, у тым ліку падчас мірных сходаў.
-
Для мірных вулічных акцыяў дзейнічае «дазваляльны» прынцып, падчас выбарчых кампаніяў — паведамляльны. Падчас выбарчай кампаніі 2016 году яе ўдзельнікі шырока карысталіся гэтым правам, што было станоўча адзначана місіяй БДІПЧ АБСЭ.
Альтэрнатыўны даклад
-
У забесьпячэньні свабоды сходаў і арганізацыяў у Беларусі ў апошнія гады не назіраецца ніякага прагрэсу.
-
Папраўкі 2011 году павялічылі колькасьць абмежаваньняў, якія могуць накладаць выканаўчыя органы. Абмежаваньні на практыцы ужываюцца найперш да тых, хто выказвае нязгоду з палітыкай ўладаў.
-
Падчас чэмпіянату сьвету ў хакеі ў 2014 годзе на тэрмін да 25 сутак былі арыштаваныя 38 грамадзкіх актывістаў, большасьць зь якіх беспадстаўна абвінавацілі ў парушэньні закону аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў.