• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Масмедыя ў Беларусі – 2015 №6(46). Выніковы аналітычны агляд

    Асноўным чыннікам, які ўплываў на становішча са СМІ ў Беларусі ў 2015 г., былі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яны адбыліся ў кастрычніку 2015 г. Напярэдадні выбараў заканадаўства пра СМІ і практыка яго застасавання сталіся больш жорсткімі. Магчыма, на гэта паўплывала і імкненне ўладаў узмацніць кантроль над асвятленнем сродкамі масавай інфармацыі эканамічнай сітуацыі ў краіне, якая пачала пагаршацца.

    СТАНОВІШЧА Ў СФЕРЫ СМІ Ў 2015 г. (АГЛЯД)

    Асноўным чыннікам, які ўплываў на становішча са СМІ ў Беларусі ў 2015 г., былі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яны адбыліся ў кастрычніку 2015 г. Напярэдадні выбараў заканадаўства пра СМІ і практыка яго застасавання сталіся больш жорсткімі. Магчыма, на гэта паўплывала і імкненне ўладаў узмацніць кантроль над асвятленнем сродкамі масавай інфармацыі эканамічнай сітуацыі ў краіне, якая пачала пагаршацца.

    З 1 студзеня 2015 г. уступілі ў моц папраўкі ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», якія былі ў спешным парадку і без якога-колечы абмеркавання ўнесеныя ў яго ў снежні 2014 г.

    Гэтыя папраўкі, у прыватнасці, распаўсюдзілі адказнасць, прадугледжаную законам, на інтэрнэт-СМІ, а Міністэрства інфармацыі атрымала права абмяжоўваць доступ да анлайн-рэсурсаў (у тым ліку замежных) у пазасудовым парадку. На працягу года міністэрства скарысталася гэтым правам 40 разоў – у асноўным у мэтах барацьбы з распаўсюдам наркотыкаў і парушэннямі ў галіне гандлю.

    Адной з галоўных праблемаў года стаўся пераслед беларускіх журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. 28 журналістаў былі аштрафаваныя на гэтай падставе. Пасля перадвыбарчага абяцання Аляксандра Лукашэнкі разгледзець становішча, здавалася, што праблема была вырашаная, але напрыканцы 2015 г. былі распачатыя тры новыя адміністрацыйныя працэсы супраць журналістаў, матэрыялы якіх з’явіліся на замежным тэлебачанні.

    Пад ціскам знаходзіліся і друкаваныя сродкі масавай інфармацыі. У пачатку года Міністэрства інфармацыі па надуманай прычыне вынесла папярэджанні 27 друкаваным СМІ.

    Два папярэджанні на працягу года могуць спрычыніць спыненне выпуску СМІ. Таму ёсць усе падставы меркаваць, што папярэджанні былі накіраваныя на ўзмацненне самацэнзуры ў СМІ.

    У ліпені 2015 г. быў усталяваня новы адміністрацыйны бар’ер для распаўсюду прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі: абавязак  рэгістрацыі яе распаўсюднікаў у Міністэрстве інфармацыі.

    Гэта пагоршыла магчымасці незалежных друкаваных СМІ рэалізоўваць сваю прадукцыю праз гандлёвыя кропкі, бо значная частка апошніх не пажадала праходзіць дадатковую адміністрацыйную працэдуру. Асабліва адмоўна патрабаванне рэгістрацыі распаўсюднікаў СМІ адбілася на тых друкаваных выданнях, якія пазбаўленыя магчымасці рэалізоўваць сваю прадукцыі праз дзяржаўныя сістэмы распаўсюду СМІ па падпісцы і ўраздроб.

    Сярод станоўчых момантаў года трэба адзначыць памяншэнне колькасці кароткатэрміновых затрыманняў журналістаў міліцыяй і адсутнасць рэпрэсіяў супраць журналістаў і СМІ пасля выбараў.

    Апошняе, верагодна, тлумачылася імкненнем афіцыйнага Мінска дамагчыся станоўчае ацэнкі выбараў з боку міжнароднай супольнасці, адсутнасцю сур’ёзнай палітычнай напружанасці ў краіне падчас выбараў, а таксама тым «ахаладжальным эфектам» для СМІ, які быў дасягнуты ў выніку папераджальнага ўзмацнення медыйнага заканадаўства і практыкі яго застасавання.

     

    АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ І ТЭНДЭНЦЫІ Ў СФЕРЫ СМІ Ў 2015 г.

    УЗМАЦНЕННЕ СУДОВАГА ПЕРАСЛЕДУ ЖУРНАЛІСТАЎ ЗА СУПРАЦОЎНІЦТВА З ЗАМЕЖНЫМІ СМІ

    У 2015 г. узмацніўся ціск на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. На падставе складзеных міліцыяй пратаколаў суды прыцягвалі іх да адказнасці паводле адвольна трактаванай часткі 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і/ці распаўсюд прадукцыі СМІ (такая практыка пачалася з траўня 2014 г.) Калі ў 2014 г. да адказанасці паводле ч. 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях былі прыцягнутыя 10 журналістаў, то ў 2015 г. – 28. Агульная сума штрафаў склала больш за 146 мільёнаў беларускіх рублёў, што складала каля 8 тыс. еўра на момант вынясення штрафаў.

    Трэба падкрэсліць, што ва ўсіх выпадках падставай для застасавання ў дачынанні да журналістаў санкцыі паводле ч.2 арт.22.9 КаАП “Парушэнне заканадаўства аб СМІ” стаўся не змест іх матэрыялаў, а сам факт іх з’яўлення ў замежных СМІ.

    Становішча змянілася пасля таго, як 4 жніўня прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв’ю журналістам незалежных СМІ паабяцаў разабрацца з гэтай праблемай. З канца жніўня і да 24 снежня 2015 г. новых справаў па абвінавачанні журналістаў паводле ч.2 арт. 22.9 не ўзбуджалася. Аднак напрыканцы года пераслед журналістаў за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі аднавіўся. 24 і 28 снежня аддзелы міліцыі Гомельскай вобласці склалі тры пратаколы ў адносінах да гомельскіх журналістаў Л. Шчыраковай і К. Жукоўскага ў сувязі са з’яўленнем іх матэрыялаў на тэлеканале “Белсат” (Польшча). Пазней журналісты былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

     

    ЗАТРЫМАННІ ЖУРНАЛІСТАЎ

    На пачатку 2015 г. сталіся больш частымі выпадкі затрыманняў грамадзянаў, якія здымалі адміністрацыйныя будынкі (у тым ліку будынкі Акадэміі навук, ЗАГСа). Як мінімум, тры журналісты сутыкнуліся з перашкодамі сваёй прафесійнай дзейнасці. Свае дзеянні супрацоўнікі міліцыі тлумачылі атрыманым “унутраным” указаннем намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Амельчанкі.

    Паводле іх словаў, указанне ад 25 лютага “арыентуе” супрацоўнікаў міліцыі даведвацца пра мэты правядзення фота- і відэаздымак адміністрацыйных будынкаў і саміх міліцыянтаў, затрымліваць асобаў, якія іх праводзяць, на тэрмін да 3 гадзінаў, правяраць адзняты матэрыял.

    На зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з просьбай прадаставіць гэтае ўказанне МУС адказаў адмоўна, спасылаючыся на ўнутраны характар памянёнага дакумента, а таксама зважаючы на тое, што, маўляў, мова вядзецца “не пра забарону відэа-або фотаздымак адміністрацыйных будынкаў, а рэгулюе выключна дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.

    Уцэлым колькасць кароткатэрміновых затрыманняў журналістаў у 2015 г. у параўнанні з іншымі гадамі ў мінулым паменшылася. За год было зарэгістравана 19 выпадкаў затрымання журналістаў, у той час як у 2014 г. – 29.

    Ва ўсіх выпадках журналісты былі вызваленыя на працягу 3 гадзінаў з моманту затрымання без складання пратаколаў.

    Пік затрыманняў журналістаў у Беларусі трапіў на паслявыбарчы 2011 год, калі БАЖ зафіксаваў 167 падобных выпадкаў. У далейшым колькасць затрыманняў журналістаў зніжалася, аднак з’явілася новая форма ціску на іх – прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ. З улікам гэтага агульная колькасць умяшальніцтва міліцыі ў журналісцкую дзейнасць у параўнанні з 2014 г. нават некалькі павялічылася: 47 здарэнняў у 2015 годзе (19 затрыманняў і 28 адміністрацыйных справаў за супрацу з замежнымі СМІ) супраць 39 здарэнняў у 2014 г. (29 затрыманняў і 10 адміністрацыйных справаў).

     

    ПАПЯРЭДЖАННІ ДРУКАВАНЫМ СМІ

    На пачатку 2015 г. Мінінфарм вынес 27 папярэджанняў 26 сродкам масавай інфармацыі. У большасці выпадкаў яны былі спрычыненыя няслушным, на думку Мінінфарма, указаннем у выходных дадзеных назвы рэгіструючага органу (“Міністэрства інфармацыі РБ” замест “Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь”). Нязначнасць прычыны для вынясення папярэджанняў (пры тым, што пасля двух папярэджанняў на працягу года Мінінфарм мае права звярнуцца ў суд з позвай аб спрыненны выпуску СМІ) паказвае, што іх мэтай магло быць павелічэнне самацэнзуры ў СМІ наконадні выбарчае кампаніі.

    Усяго на працягу 2015 г. Міністэрства інфармацыі вынесла 36 папярэджанняў 34 сродкам масавай інфармацыі.

     

    ПРАБЛЕМЫ З РАСПАЎСЮДАМ НЕЗАЛЕЖНЫХ ГАЗЕТАЎ

    З 1 ліпеня 2015 г. набылі моц папраўкі ў Закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, якія ўвялі абавязковую рэгістрацыю распаўсюднікаў прадукцыі СМІ.

    Некаторыя незалежныя СМІ, якія прадавалі значную частку сваіх накладаў праз гандлёвыя прадпрыемствы і прадпрымальнікаў, сутыкнуліся з памяншэннем колькасці кропак продажу сваёй прадукцыі, бо далёка не ўсе распаўсюднікі газетаў пагадзіліся звярнуцца ў Мінінфарм па дадатковую рэгістрацыю.

    Асабліва гэта адбілася на выданнях, якія пазбаўленыя магчымасці рэалізоўваць сваю прадукцыю праз дзяржаўныя сістэмы “Белпошта” і “Саюздрук”, якія дамінуюць на рынку распаўсюду СМІ па падпісцы і ўраздроб. Увесну 2015 г. рэдакцыі “Газеты Слонімскай”, “Intex-press”, “Intex-press плюс”, “СНплюс. Свободные новости плюс” атрымалі чарговыя адказы на свае звароты аб іх уключэнні ў падпісныя каталогі “Белпошта” або продажы праз шапікі прадпрыемстваў “Саюздруку”. У верасні падобныя адмовы атрымалі рэдакцыі газетаў “Новы час” і “Барысаўскія навіны”.

    Дзяржаўнае прадпрыемства  “Белпочта”, якое з’яўляецца манапалістам у галіне распаўсюду СМІ па падпісцы, адмаўляецца ўключаць незалежныя СМІ ў падпісны каталог, спасылаючыся на тое, што гэта яго права, а не абавязак. З падобнай матывацыяй адмаўляюць выданням у распаўсюдзе прадпрыемствы “Саюздруку”.

    Праблемы з распаўсюдам незалежных друкаваных СМІ ўзніклі 10 год таму, напярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 г. Тады РУП “Белпошта” адмовілася ўключаць у падпісныя каталогі, а прадпрыемствы “Саюздруку” – прадаваць праз газетныя шапікі каля 20 незалежных грамадска-палітычных газетаў. У выніку эканамічнай дыскрымінацыі багата якія з іх спынілі выданне. Толькі на хвалі пацяплення адносінаў з ЕС у 2008 г. “Белпошта” і прадпрыемствы “Саюздруку” аднавілі супрацу з вядучымі незалежнымі газетамі “Народная Воля” і “Наша Ніва”. Цяпер праблемы з распаўсюдам праз прадпрыемствы “Белпошты” і/ці “Саюздруку” зазнаюць 9 недзяржаўных выданняў грамадска- палітычнай тэматыкі, якія складаюць палову з зарэгістраваных у Беларусі незалежных СМІ.

    Адначасова з гэтым падпіска на дзяржаўную прэсу адбывалася з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу. Гэтак, напрыканцы 2015 г. адміністрацыя Ленінскага раёна г.Мінска “у мэтах забеспячэння праўдзівага інфармавання грамадзянаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь і ў сувязі з пачаткам падпісной кампаніі на 1‑е паўгоддзе 2016 года” звярнулася да кіраўнікоў арганізацыяў раёна з просьбай правесці падпіску “на асноўныя рэспубліканскія і гарадскія друкаваныя выданні” паводле спісу і адсправаздачыцца па яе выніках.

    Падобныя факты былі зафіксаваныя ў Магілёве і Крычаве.

     

    БЮДЖЭТНАЕ ФІНАНСАВАННЕ ДЗЯРЖАЎНЫХ СМІ

    Акрамя прэферэнцыяў, дзяржаўныя СМІ карыстаюццца з наўпростага фінансавання з дзяржбюджэту.

    Паводле закону “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 г.” ад 30 снежня 2015 г. на фінансаванне дзяржаўных СМІ прадугледжана вылучэнне 900 120 843,0 тыс. руб (каля 45 млн еўра).

    У тым ліку на тэлебачанне і радыёвяшчанне – 734 815 075,0 тыс. руб (каля 36,6 млн еўра), на перыядычны друк і выдавецтвы — 69 154 793,0 тыс. руб (каля 3,5 млн еўра), на “іншыя пытанні ў галіне СМІ” — 96 150 975,0 тыс. руб (каля 4,7 млн еўра).

    Пры гэтым фінансаванне вылучаецца на пазаконкурснай аснове. 26 дзяржаўных газетаў і часопісаў, якія атрымаюць дапамогу з рэспубліканскага бюджэту ў 2016 годзе, вызначаныя пастановай урада №966 ад 19 лістапада 2015 года.

     

    АБМЕЖАВАННІ СВАБОДЫ ДЗЕЙНАСЦІ Ў ІНТЭРНЭЦЕ

    1 студзеня 2015 г. набылі моц папраўкі ў закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, якія надалі Міністэрству інфармацыі права ў пазасудовым парадку абмяжоўваць доступ да любых інтэрнэт-рэсураў (у тым ліку нават за адно парушэнне заканадаўства аб СМІ).

    Пры гэтым пералік інфармацыі, забароненай для распаўсюду ў СМІ, і да таго недакладна сфармуляваны, з магчымасцямі шырокай трактоўкі, быў дапоўнены пунктам “інфармацыя, распаўсюд якой можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. Спасылаючыся на гэтую норму 18 чэрвеня Мінінфарм прыняў рашэнне аб абмежаванні доступу да сайту kyky.org. (Папярэджанні рэдакцыі сайту пры гэтым не выносіліся.) Як адзначалася ў паведамленні дзяржустановы, шэраг публікацыяў сеткавага выдання “ўтрымліваў прыніжальныя выказванні ў адносінах да дзяржаўнага свята Рэспублікі Беларусь – Дня Перамогі, грамадзянаў краіны, якія бяруць у ім удзела, аспрэчваецца значнасць дадзенай падзеі ў гісторыі дзяржавы, тым самым скажаецца гістарычная праўда пра Вялікую Айчынную вайну”.

     Доступ да сайту быў адноўлены праз 6 дзён, пасля таго як спрэчны матэрыял быў выдалены з сайту. Блакаванне сайту kyky.org было расцэненае адмыслоўцамі як папярэджанне інтэрнэт-супольнасці.

    Усяго ў 2015 годзе Міністэрства інфармацыі абмяжоўвала доступ да 40 інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў. “З іх 18 інфармацыйных рэсурсаў заблакаваныя за распаўсюд інфармацыі, накіраванай на збыццё наркатычных сродкаў, 2 – за табуяваную лексіку, 5 – за неналежную рэкламу лекавых сродкаў, 1 – за прапаганду дзіцячай парнаграфіі, 1 – за распаўсюд інфармацыі, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, 2 – за рэкламу алкагольных напояў, 11 – за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў,” – гаворыцца ў адказе Міністэрства інфармацыі на запыт БАЖ. Доступ да чатырох рэсурсаў быў адноўлены з цягам часу.

    Аніводнага разу Міністэрства інфармацыі не выносіла папярэджанні ў адрас уладальнікаў інфармацыйных рэсурсаў у выпадку абмежавання доступу да адпаведных сайтаў.

    Палажэнне аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх складнікаў), размешчаных у глабальным кампутарным сеціве Інтэрнэт было зацверджанае 19 лютага 2015 г. Міністэрствам сувязі ды інфарматызацыі і Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Гэты дакумент прадугледжвае магчымасць блакавання не толькі інтэрнэт-рэсурсаў, вызначаных Міністэрствам інфармацыі, але і сродкаў забеспячэння ананімнасці (проксі-серверы, ананімныя сеткі кшталту Tor і інш.), якія дазваляюць карыстальнікам інтэрнэт-паслугаў наведваць інтэрнэт-рэсурсы, доступ да якіх абмяжоўваецца. (Сістэма аўтаматычнага пошуку ананімайзераў пачала функцыянаваць напрыканцы 2015 г.)

    Палажэнне не прадугледжвае судовае абскарджванне рашэння Мінінфарма пра блакаванне сайту. У адрозненне ад мінулага парадку, пры якім доступ да сайтаў з “чорнага спісу” абмяжоўваўся ў абавязковым парадку толькі для дзяржаўных органаў, установаў адукацыі і культуры, адцяпер яны блакуюцца для ўсіх карыстальнікаў Беларусі. Ранейшы “чорны спіс”, у які былі ўключаныя такія папулярныя інтэрнэт-рэсурсы, як www.charter97.orgwww.belaruspartisan.org, http://spring96.org/ , быў скасаваны.  

    Акрамя выпадкаў абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў у адпаведнасці з працэдурай, прадугледжанай заканадаўствам, у 2015 г. таксама былі зафікасаваныя выпадкі блакавання сайтаў па-за гэтай працэдурай. Гэтак, 3 кастрычніка сервер інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, на якім размешчаныя сайты самой інфармацыйнай кампаніі ды яе інтэрнэт-газеты Naviny.by, патрапілі пад буйную DDоS-атаку, якая працягвалася некалькі дзён.

    19 снежня быў абмежаваны доступ да сайтаў belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org.

    Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белтэлекам”, якое з’яўляецца нацыянальным аператарам сувязі ў Беларусі, заявіла пра DDoS-атаку на абсталяванне цэнтру апрацоўкі дадзеных. Аднак пасля яе ліквідавання наступствы з доступам вырашаныя не былі.

    У абодвух выпадках аніводная з дзяржаўных структураў не ўзяла на сябе адказнасць за блакаванне сайтаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    05.11.2024

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    29.12.2023
    Акцэнты

    Доклад БАЖ: Беларусь 2022–2023. Права человека. Гражданское общество. Медиа

    2 ноября по инициативе ООН отмечается Международный день прекращения безнаказанности за преступления против журналистов. Этот день был актуальным для Беларуси даже до событий 2020-го — ведь начиная с 1994 года преступления в отношении журналистов в стране часто оставались без должного внимания правосудия. Таким же актуальным остается этот день и сейчас. Дмитрий Завадский, Вероника Черкасова... Их имена — лишь часть длинного списка журналистов, подвергшихся нападениям и избиениям. С 2020 года ситуация обострилась: действия властей можно охарактеризовать как террор против представителей медиасферы. Белорусская ассоциация журналистов публикует в этот день доклад «Беларусь 2022-2023: Права человека. Гражданское общество. Медиа», который содержит подробный обзор случаев давления на гражданское общество и медийное пространство. Скачать PDF
    01.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці