Глыбоцкая суполка ГА “БАЖ” падвяла вынікі года
На пачатку справаздачнага сходу кіраўніца суполкі Таццяна Смоткіна падзякавала прысутным за актыўнасць і зладжаную супольную працу на карысць арганізацыі. Таццяна распавяла, што суполка была адзначана лістом падзякі за актыўны ўдзел у “Эстафеце добрых спраў”. Менавіта сябра глыбоцкай суполкі Галляш Сялява і прапанаваў стварыць такую ініцыятыву ў арганізацыі.
Надалей Таццяна Смоткіна ў сваёй справаздачы паведаміла пра зацверджаныя арганізацыяй рэгіянальныя мерапрыемствы, якія будуць ладзіцца ў розных гарадах Беларусі. Яна зазначыла, што раз у месяц сябраў ГА “БАЖ” будзе прымаць новы горад да сябе на трэнінг, семінар ці прэс-клуб, каб людзі змаглі лепш наладжваць гарызантальныя сувязі. Пасля прапанавала яшчэ раз падумаць і абмеркаваць тэмы трэнінгаў, семінараў і прэс-клубаў, якія жадалі б дадаткова зладзіць у Глыбокім сябры суполкі.
Было разгледжанае і пытанне ўнёскаў. Лідарка суполкі распавяла пра прапанаваныя новаўвядзенні, якія былі агучаныя на агульным сходзе арганізацыі ў Мінску. На сходзе ў Глыбокім было абмеркавана і вызначана вызваліць ад унёскаў адну з сябраў суполкі, у якой хварэе дачка.
У другой частцы свайго выступу Таццяна Смоткіна распавяла пра спосабы выйсця са стрэсу, бо часам яе калегі сутыкаюцца з такой праблемай. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на чатырох асноўных спосабах, пра якія даведалася на псіхалагічных трэнінгах у Мінску. Таксама падзялілася іншымі атрыманымі ведамі па псіхалогіі з калегамі.
Другі блок сустрэчы тычыўся прававых і юрыдычных аспектаў дзейнасці журналістаў. Юрыст з Полацка Генадзь Воранаў распавёў пра прававую дзейнасць журналістаў у стасунках з чыноўнікамі. Звярнуў увагу на тое, што часта службоўцы не даюць патрэбнай інфармацыі і не дазваляюць весці фота‑, відэаздымку ў дазволеных месцах, спасылаючыся на нейкія ўнутраныя дакументы. Як кажа юрыст, гэтыя ўнутраныя дакументы распрацоўваюцца для саміх работнікаў дзяржаўных установаў і ніякім чынам не тычацца журналістаў. Весці фота- і відэаздымку можна ў большасці грамадскіх месцаў, за выключэннем некалькіх аб’ектаў, дзе гэта забаронена законам.
Юрыст параіў пісаць скаргі на такія дзеянні чыноўнікаў, праваахоўнікаў ды іншых асобаў, якія перашкаджаюць працы журналістаў. Ён даў практычныя парады прысутным па складанні зваротаў, скаргаў, заяў у дзяржустановы і суды. А таксама прапанаваў раздатачны матэрыял на гэтую тэматыку.
Юрыстка Марына Яфімава дапоўніла сваімі рэкамендацыямі выступ Генадзя Воранава. Яна распавяла прысутным, у якіх выпадках можна весці фота- і відэаздымку грамадзянаў, адзначыла, што гэта не тычыцца прыватнага жыцця, якое абараняецца законам. І звычаныя людзі, у адрозненне ад палітыкаў, артыстаў бізнэсоўцаў і г. д., маюць больш правоў на ахову прыватнага жыцця.
Напрыканцы мерапрыемства лідар суполкі Таццяна Смоткіна ўзнагародзіла найбольш актыўных сябраў і павіншавала ўсіх прысутных з надыходзячымі святамі. Потым адбылая агульная бяседа з музыкай, спевамі і беларускімі танцамі.