Суд спыніў справу супраць журналіста — міліцыя не мела доказаў
Рэчыцкі раённы суд 1 лістапада спыніў адміністрацыйную справу паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП супраць журналіста-фрылансера Андрэя Мядзведзева.
Суддзя Марына Кацуба, якая разглядала дасланы з міліцыі пратакол, прыйшла да высновы, што няма доказаў віны журналіста наконт вырабу прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для замежнага тэлеканала.
Адміністрацыйны пратакол у дачынені Мядзведзева склаў участковы інспектар Рэчыцкага РАУС Аляксей Цімошчанка. У верасні журналіст разам з яшчэ адным рэчычанінам патрапіў у сюжэт спрадарожнікавага тэлеканала “Белсат” пад назвай “Змагаешся за свае правы – будзь гатовы да ціску з боку праваахоўнікаў”. У ім распавядалася пра жыхара Рэчыцы Дзяніса Барсукова, супраць якога міліцыя аднавіла закрытую паўгода таму крымінальную справу. Як перакананы герой сюжэта, справа адноўленая ў звязку з ягоным нашумелым відэа пра хібы медычнага абслугоўвання ў горадзе, канфлікты з‑за вялікіх чэргаў, у якіх разбіралася міліцыя.
Участковы Цімошчанка не стаў высвятляць, хто зняў сюжэт пра Барсукова. Дастаткова было пабачыць у кадры журналіста Мядзведзева. Не стаў шукаць сведкаў, не апытаў нават героя відэасюжэту, каб высветліць абставіны здзяйснення правапарушэння.
“Быў атрыманы матэрыял з Гомельскага УУС. Начальнік адпісаў мне для выканання. У інтэрнэце маецца відэаролік, які з’яўляецца прадукцыяй СМІ. Такім чынам у дзеяннях Мядзведзева было ўстаноўлена адміністрацыйнае правапарушэнне”, – тлумачыў на першым пасяджэнні суда ўчастковы Цімошчанка, выкліканы ў суд як сведка.
“А чым пацвярджаецца віна Мядзведзева?”, – запыталася суддзя.
“Папярэдне атрыманай інфармацыяй, перададзенай з Гомельскага УУС. З рапарта”.
У раздрукоўцы, дасланай з абласной міліцыі, сюжэт падпісаны: Міхась Ільін. Суддзя пацікавілася: “Міхась Ільін – гэта хто?”
“ Міхась… Міхась… Я не ведаю”, – блытаўся міліцыянт.
Суддзя Кацуба з уласнай ініцыятывы выклікала 1 лістапада ў суд Дзяніса Барсукова. Той засведчыў, што Андрэй Мядзведзеў не здымаў яго, а толькі быў з ім і чытаў паперы.
“Тут якраз падышлі нейкія людзі і знялі нас”, – дадаў Барсукоў.
Рапарт і раздрукоўкі з УУС Гомельскага аблвыканкама дасланыя ў Рэчыцкі райаддзел міліцыі старшым інспектарам упраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі, падпалкоўнікам міліцыі Зуевым. Ён маніторыў інтэрнэт і выявіў на сайце польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” вышэйзгаданы відэасюжэт, у кадры якога і патрапіў журналіст Мядзведзеў. Гэтага аказалася дастаткова, каб распачаць супраць журналіста-фрылансера адміністрацыйную справу, якую і спыніў Рэчыцкі раённы суд.
“Я заўважыў, – сказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Мядзведзеў, – што суд намагаўся зрабіць працу за міліцыю – сам заняўся зборам доказаў, каб высветліць, вінаваты я ці не. Дзякаваць богу, логіка і факты ўзялі верх. Хачу парадавацца і за “Белсат” як за ўплывовы тэлеканал. Улады глядзяць за ім на ўсе вочы, нават і мяне згледзелі”.
Андрэй Мядзведзеў перакананы, што міліцыя і яе кансультанты вырашылі прэвентыўна ўжыць адміністрацыйныя захады, каб запалохаць і яго, і ўсіх іншых, хто можа збіраць і распаўсюджваць непадцэнзурную інфармацыю.