• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста ў Глыбокім застрашвалі за сюжэт на “Белсаце”

    Глыбоцкага журналіста Змітра Лупача абразіў і імкнуўся застрашыць старшыня сяльгаспрадпрыемства “Канстанцінаў двор” Юрый Вахавіч. Яму не спадабаўся сюжэт пра ферму на тэрыторыі яго гаспадаркі, які выйшаў на тэлебачанні “Белсат” яшчэ ўзімку.

    Паводле Змітра Лупача, сюжэт быў пра тое, што цяляты стаялі зімой амаль пад адкрытым небам, дах на ферме ўяўляў сабой сапраўднае рэшата.

    Як кажа Зміцер, інцыдэнт пачаў разварочвацца яшчэ ў краме, калі журналіст прыйшоў набыць шампанскае. За ім у чаргу стаў чалавек, наступіў яму на нагу і сказаў з непавагай: “Прывет, землячок!” Зміцер паглядзеў на яго і зразумеў, што гэтага чалавека асабіста не ведае. Потым незнаёмец абазваў яго “рэшатам” і стаў пагражаць. Зміцер разлічыўся і, нічога не разумеючы, выйшаў з крамы. Вырашыў дачакацца незнаёмца і высветліць сітуацыю. Калі мужчына набыў тавар і выйшаў  з крамы, Зміцер у яго запытаўся, у чым усё ж справа і чаму ён дазваляе сабе так паводзіць з ім.

    У адказ пачуў: “Вось ты, “бэнээфавец”, тут набываеш спіртныя напоі, зараз я цябе сфатаграфую і выкладу здымкі ў Інтэрнэт”. Зміцер яшчэ раз запытаўся: “Дык у чым усё ж справа?” Ён разумеў, што яго як журналіста шмат хто ведае, а вось гэтага чалавека ён усё ж прыпомніць ніяк не можа. Тады незнаёмец сказаў: “А памятаеш рэпартаж пра ферму ў Разанаве? Яшчэ раз туды сунешся, на маю ферму, табе прыйдзецца дрэнна, землячок.” Піхнуў Змітра сваім жыватом, сеў у машыну і паехаў. Як потым сказалі Змітру яго знаёмыя, гэта быў старшыня сяльгаспрадпрыемства “Канстанцінаў двор” Юрый Вахавіч.

    У сваю чаргу Юрый Вахавіч у тэлефоннай гутарцы з лідаркай глыбоцкай суполкі ГА “БАЖ” Таццянай Смоткінай сказаў, што ён нічога не ведае, што ўсё гэта са слоў толькі самога журналіста Змітра Лупача і што ён увогуле адмаўляе гэты інцыдэнт.

     

    Каментар з гэтай нагоды юрыста ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алега Агеева:

    “Безумоўна, абарона гонару і годнасці любога грамадзяніна з’яўляецца адной з функцый дзяржавы. І калі хтосьці парушае гонар і годнасць грамадзяніна, адпаведна ў дзяржавы трэба прасіць абароны парушанага права. Беларуская асацыяцыя журналістаў паслядоўна займае пазіцыю дэкрыміналізацыі дэфамацыйных складнікаў у крымінальным і адміністрацыйных кодэксах, таму, на маю думку, заява ў міліцыю не з’яўляецца эфектыўным мехнізмам абароны парушаных гонару і годнасці, калі такое адбылося. Тут, калі ёсць падстава і доказы, больш мэтазгодна падаваць іск у суд аб абароне гонару і годнасці і дзелавой рэпутацыі.

    Канешне, працэдура збору доказаў нялёгкая ў кожным працэсе і ў кожным канкрэтным выпадку можа быць індывідуальнай. Трэба глядзець, які працэс гэта будзе: грамадзянскі, крымінальны ці адміністрацыйны. І сыходзячы з гэтага, падбіраць доказы, якія будуць прынятыя як пацверджанне вінаватасці чалавека. Ёсць розныя доказы: паказанні сведкаў, аўдыё‑, відэазапіс, які вёў сам пацярпелы або хто-небудзь старонні і г. д. У грамадзянскім працэсе, у адрозненне ад іншых, пацярпеламу трэба самому клапаціцца пра доказы. Дзеля таго, каб прадставіць іх суду”.

    Па словах Алега Агеева, вельмі часта незалежныя журналісты скардзяцца на падобныя інцыдэнты з прадстаўнікамі ўлады. Але вельмі рэдка журналісты гатовыя адстойваць свае парушаныя правы і ісці да канца, каб атрымаць сатысфакцыю па такіх справах.

    Паводле Змітра Лупача, судзіцца са старшынём ён не будзе. Але ў яго ўзнікла жаданне ў самы бліжэйшы час усё ж туды “сунуцца” і зрабіць які-небудзь рэпартаж адтуль, каб болей чалавек не пагражаў так. Бо больш за ўсё, па словах Змітра, яго абурыў у словах старшыні выраз: “МАЯ ферма”. Паводле Змітра, такіх “МАІХ” уласнікаў на яго памяці было ўжо некалькі, восем ці дзевяць ужо змянілася, ды і ён там не апошні. Да таго ж старшыня так сябе паводзіў быццам ён тут нейкі памешчык, а Зміцер – ніхто.

    Што рабіць, калі вас абразілі альбо зняважылі? Парады юрыста

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці