«Парадоксы медиа». Эдуард Мельнікаў выдаў кнігу пра сучасныя СМІ
«Асновы медыяпісьменнасці. Проста пра складанае», — так можна ахарактарызаваць гэту кнігу некалькімі словамі, — кажа сябра ГА “БАЖ”, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Эдуард Мельнікаў.
— Хоць медыя нас атачаюць штодня, мала хто ведае праўду пра іх працу. Якая прырода інфармацыі, якія тут могуць быць парадоксы, цікавосткі, па якіх законах функцыянуюць медыя — пра ўсё гэта я напісаў у папулярнай форме, даступнай для студэнтаў і нават старшакласнікаў. Асноўная мэта выдання, якое можа выступаць і падручнікам у праектах медыяадукацыі, — гэта ўсведамленне сапраўднай ролі СМІ ў грамадстве, — распавядае Мельнікаў.
Па словах аўтара, такія складаныя рэчы, як тэорыя інфармацыі, тэорыя масавых камунікацый у выданні пададзеныя на вельмі красамоўных і лёгкіх для разумення прыкладах.
— Гэта матрыца, на падмурку якой дзейнічаюць усе медыя. І я са здзіўленнем заўважаю, што пра гэту матрыцу, пра сутнасць інфармацыі часам не вельмі разумеюць нават самі журналісты, не кажучы ўжо пра масавую аўдыторыю. Таму ў маёй кнізе сабраны і даступна патлумачаны галоўныя паняцці пра інфармацыю, яе крыніцы, вастрыню, навізну, даступнасць.
Таксама ў кнізе я тлумачу, чаму ўлады ва ўсім свеце так ці інакш рэагуюць на інфармацыю. Тое, што ўлады схільныя заціскаць інфармацыю — гэта амаль прыродная з’ява. Проста ў цывілізаваных краінах праблему разумеюць і будуюць у адпаведнасці з гэтым заканадаўчыя абароны і перасцярогі, — распавядае Эдуард Мельнікаў.
Кніга “Парадоксы медиа” выйшла ў вільнюскім выдавецтве “Артефактас”. Набыць яе ў Мінску можна ў кнігарні “ЛогвінаЎ” на праспекце Незалежнасці 37А.
Выданне кнігі супала з Сусветным днём свабоды прэсы, які адзначаецца 3 мая.
Як свабода слова змяняе жыццё…
Віцебскія бажаўцы пасадзілі кветкі на “Алеі вольнай прэсы” (+ шмат фота)
ГА “БАЖ” павіншавала дзяржаўныя міністэрствы з Сусветным днём свабоды прэсы
