У Лунінецкай філіі БАЖ падвялі вынікі года і абралі новага старшыню
Як прагучала ў справаздачным дакладзе, праца філіі будавалася згодна са стратэгічнымі накірункамі дзейнасці ГА "БАЖ".
Подчас справаздачна-выбарчага сходу сябры філіі адзначылі, што год быў досыць насычаны мерапрыемствамі.
У сакавіку на базе філіі адбыўся міжрэгіянальны трэнінг па працы з сацыяльнымі сеткамі, які правёў медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.
Выбарчай кампаніі быў прысвечаны прэс-клуб “Асвятленне грамадска-палітычнага жыцця ў рэгіянальных СМІ”.
У гэтым годзе прэміі і дыпломы памяці БАЖажаўца Віктара Філатава атрымалі літаратар Сцяпан Нефідовіч і спартыўны аглядальнік Андрэй Сыцін.
Прайшоў трэці футбольны турнір памяці Віктара Філатава, у якім перамагла каманда “Информ-прогулкі”.
У гэтым годзе лунінецкія БАЖаўцы правялі традыцыйныя “Вераснёўскія сутрэчы разам з БАЖ” — выступілі ў каледжы, школах, перад чытачамі ў Мікашэвічах, распавялі пра дзейнасць грамадскага аб’яднання і ролю ў ім Лунінецкай філіі. Падчас такіх сустрэчаў гучаць першыя творчыя спробы навучэнцаў, праводзяцца віктарыны і ўручаюцца прызы.
У верасні ў Лунінцы адбыўся сёмы круглы стол літаратараў і журналістаў “Мова — сакральная ці інструментальная”, на які з’ехаліся сябры арганізацыі з усёй Берасцейшчыны.
Як і кожны год, лунінецкія БАЖаўцы актыўна выкарыстоўвалі магчымасці па павышэнні адукацыі, удзельнічалі ў семінарах і трэнінгах як у Мінску, так і на базе рэдакцый у Лунінцы.
Прагучалі прапановы па планах на будучы год.
Старшынёй філіі абрана Алена Насковіч, намеснікам старшыні — Вадзім Жылко.
